Ляхавічы: конкурс прафесійнага майстэрства вызначыў лепшых сацыяльных работнікаў

Наталля Лук’янчык, Наталля Лашук, Таццяна Цяльпук – лепшыя з лепшых сацыяльных работнікаў.

Добразычлівыя, шчырыя, міласэрныя, адказныя і надзейныя, умеюць выслухаць і дапамагчы, іх штодзённая патрэбная работа – клопат пра хворых, адзінокіх, нямоглых. Іншы раз так складваецца жыццё, што для сваіх падапечных сацыяльныя работнікі – адзіная надзея, слушны дарадчык, незаменны памочнік і вельмі неабходны суразмоўца. Яны не толькі прыносяць з магазіна патрэбныя тавары, з аптэкі – лекі, аплачваюць камунальныя паслугі, дапамагаюць справіцца па гаспадарцы і падтрымліваюць парадак у доме, але і раскажуць апошнія навіны, падтрымаюць размову пра жыццё.

У мінулую сераду цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сустракаў удзельнікаў фіналу раённага конкурсу “Лепшы сацыяльны работнік-2013“, у якім прынялі ўдзел 8 найбольш паспяховых сацработнікаў Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (усяго ў ТЦСАН працуе 103 такія спецыялісты, якія абслугоўваюць 570 чалавек). Менавіта яны найбольш удала выступілі на папярэдніх турах і прадэманстравалі свае прафесійныя навыкі. Наталля Тарасевіч, Святлана Граблюк, Святлана Варанец, Наталля Лашук, Ірына Касабуцкая, Таццяна Цяльпук, Алена Чаранкевіч, Наталля Лук’янчык спаборнічалі ў трох конкурсах.

Але спачатку ўсе, хто прысутнічаў у зале, змаглі паглядзець відэаролікі пра рабочыя будні фіналістак і ўпэўніцца, што клопат пра людзей для іх не проста выкананне прафесійных абавязкаў, а прызванне. Яны не проста клапоцяцца пра сваіх падапечных, а аддаюць ім часцінку сваёй душэўнай цеплыні.

Конкурс “Эрудыт” паказаў, што ўсе ўдзельніцы добра ведаюць нарматыўныя правілы надомнага абслугоўвання.

Тур “Гаспадыня” пацвердзіў, што сацыяльныя работнікі ў дадатак да ўсяго і выдатныя кулінары. Колькі арыгінальных і традыцыйных страў з апетытным выглядам і водарам прадставілі яны на суд журы: тарты, кексы, салаты і закускі на розны густ і смак!

Не сціхалі апладысменты падчас апошняга конкурсу фінала “Натхненне”. Гэты іспыт пацвердзіў, што кожная фіналістка таленавітая. Уразілі дэкламатарскім майстэрствам Святлана Граблюк, Наталля Тарасевіч, Святлана Варанец, Таццяна Цяльпук, Ірына Касабуцкая, Наталля Лашук. Незвычайная цішыня ўсталявалася ў зале, калі яны чыталі вершы пра бабулю, суперажыванне, каханне. Нікога не пакінула абыякавым імправізаваная сцэнка пра сітуацыю з сацыяльным работнікам у звычайнай вяс-ковай сям’і, галоўныя ролі ў якой выканалі Алена Чаранкевіч і Наталля Лук’янчык. Не менш паспяхова яны спявалі і прыпеўкі.

Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, сацыяльныя работнікі – гэта людзі бязмежнай дабрыні, выдатныя прафесіяналы, лекары людскіх душ. Яна ж уручыла кожнай фіналістцы падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

Несумненна, перад журы стаяла складаная задача: выбраць з лепшых самую лепшую. Але ж конкурс ёсць конкурс, і па яго выніках трэцяе месца заняла Наталля Лук’янчык, другое месца — Таццяна Цяльпук, а пераможцай прызнана Наталля Лашук.

Усе ўдзельніцы і пераможцы ўзнагароджаны падарункамі ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа. А святочны настрой прысутным на мерапрыемстве паспяхова стваралі ўдзельнікі народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Сацработніцы аказаліся выдатнымі кулінаркамі.

У зале

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *