Напярэдадні Дня інвалідаў у Ляхавіцкім раёне праводзяцца розныя мерапрыемствы

3 снежня Дзень інвалідаў.

«Галоўнаене падаць духам» .

Кажуць, што кожны чалавек, які прыйшоў на гэты свет, мае сваю пэўную місію. Гэта датычыць і тых, хто воляй лёсу аказаўся абмежаваным у фізічных магчымасцях. Ім, безумоўна, цяжэй, асабліва ў маральным плане. Але ж мы ўсе – здаровыя і інваліды – складаем адно грамадства, у якім раўнадушных быць не павінна. Працягнутая рука дапамогі, добрае слова падтрымкі, клопат, абарона мяняюць меркаванне, што інваліды не прыстасаваны да жыцця ў сучасным грамадстве. Адзінае патрабаванне да гэтых людзей – не падаць духам.

Напярэдадні Дня інвалідаў у падтрымку гэтай катэгорыі грамадзян у раёне праводзяцца розныя мерапрыемствы. А пачалося ўсё з акцыі “Проста рабіць дабро”. Работнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН арганізавалі на рыначнай плошчы збор ахвяраванняў у дапамогу інвалідам. Людзі аказаліся неабыякавымі. Індывідуальныя прадпрымальнікі, пакупнікі, прахожыя і праезджыя аказваюць пасільную дапамогу: адзенне, абутак, прадукты харчавання нясуць на зборны пункт. Не застаюцца ўбаку і прадпрыемствы, арганізацыі горада. Як і ў мінулыя гады, сёлета вялікую дапамогу аказаў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, які пералічыў на рахунак ТЦСАН 5 мільёнаў рублёў – на арганізацыю экскурсіі для інвалідаў у сталічны цырк.

Да Дня інвалідаў прымеркаваны работа “тэлефона даверу” (па нумары 2-03-20 можна атрымаць псіхалагічную кансультацыю), выставы работ інвалідаў “Кропелькі дабрыні”; прэзентацыя танцавальна-забаўляльнай праграмы “Так, як усе” з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці раёна; акцыя “З добрых рук” – выдача гуманітарнай дапамогі з салона “Міласэрнасць”. Падтрымкай для 88 чалавек з невысокай пенсіяй стала грашовая дапамога, якую выдзеліла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. А ў дамах, дзе пражываюць адзінокія інваліды, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

У раёне пражывае 1088 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі: 271 інвалід 1 групы, 541 – 2 групы, 270 – 3 групы. З гэтай колькасці маладых інвалідаў ва ўзросце ад 18 да 31 года – 85 чалавек. У 81 сям’і выхоўваецца 83 дзіцяці-інваліды. Кожнага з іх мы ведаем не толькі ў твар, але і яго праблемы, жаданні, імкненні, стараемся, па магчымасці, аказаць дапамогу і падтрымку. Сумесна з раённай арганізацыяй таварыства Чырвонага Крыжа арганізуем выдачу гуманітарнай дапамогі (рэчы, прадукты харчавання, медыкаменты, сродкі рэабілітацыі).

У Ляхавіцкім ТЦСАН рэалізуецца сацыяльны праект “Элементарная рэабілітацыя інвалідаў па зроку Брэсцкай вобласці”: па курсе “Дамаводства і самаабслугоўванне” прайшлі навучанне 13 чалавек. У аддзяленне для дзённага знаходжання інвалідаў, якое размешчана на базе райбальніцы, залічаны 24 чалавекі, для якіх арганізавана работа 5 гурткоў, працуе клуб “Сваё кола” – для інвалідаў і іх сем’яў з мэтай аказання псіхалагічнай дапамогі ў працэсе сацыяльнай адаптацыі, набыцця практычных навыкаў, развіцця творчых здольнасцяў. Кожны квартал у аддзяленні выпускаецца газета “Наш свет”, у якой адлюстроўваецца няпростае, але цікавае і захапляючае жыццё.

У раёне актыўна ствараюцца ўмовы для сацыялізацыі гэтай катэгорыі грамадзян: добраўпарадкуюцца тэрыторыі жылых дамоў, будуюцца пандусы, на аўтамабільных стаянках – знакі з адлюстраваннем інваліднай каляскі (у адпаведнасці з патрабаваннямі па стварэнні безбар’ернага асяроддзя). А побач заўсёды знаходзяцца тыя, хто дапаможа і падтрымае.

Галіна ПІШЧ,

дырэктар ТЦСАН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *