Кампазіцыі, створаныя таленавітымі і працавітымі рабятамі з каледжа, будуць радаваць гараджан і гасцей Ляхавіч на працягу паўгода

Такая прыгажосць каля адміністрацыйнага будынка райпо – справа рук каляджан.

За акном якраз тая пара года, калі кветкі адышлі, лісце апала і пачарнела, а снег пакуль толькі ў планах і марах. Аднак, наш горад не перастае здзіўляць новымі фарбамі і матывамі.

На гэты раз аўтарамі прыгажосці сталі будучыя плодаагароднікі – навучэнцы 43 “п” групы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Гэта дзякуючы іх фантазіі, працавітым рукам, сапраўды другое, не менш прыгожае, жыццё з’явілася ў шматлікіх клумбаў і кампазіцый, якія зеленбудаўцы Брэстчыны ў якасці падарунка зрабілі Ляхавічам да абласных дажынак.

— Наш асноўны матэрыял – сасновыя галінкі. Эскіз кожнай зялёнай кампазіцыі распрацоўваўся такім чынам, каб максімальна адпавядаў стылістыцы клумбаў. Напрыклад, там, дзе была ўстаноўлена міні-фартэцыя, найбольш падышоў строгі геаметрычны стыль, у аснове якога фігуры – ромб, круг, квадрат. Кампазіцыі “Ляхавіцкі вальс” найбольш падышоў пейзажны стыль. Рабяты дабавілі ў агульную карціну добраўпарадкавання столік і крэслы. Прытрымліваліся класічнасці і ў афармленні іншых клумбаў, – расказвае ініцыятар справы выкладчыца ЛДАКа Таццяна Прыхач.

Гэта не першая спроба каляджан сказаць сваё важкае слова ў навядзенні парадку ў райцэнтры. Пачалося ўсё некалькі гадоў таму, калі па ініцыятыве Таццяны Раманаўны навучэнцы выпускных груп упрыгожвалі такім чынам тэрыторыю каледжа. Рабяты хутка асвоілі тэхніку работы з хваёвым матэрыялам, а слава пра іх майстэрства хутка разнеслася па наваколлі. Нават сталі паступаць заказы ад прадпрыемстваў і арганізацый.

У ЛДАКу на агранамічным аддзяленні для будучых плодаагароднікаў на апошнімкурсе выкладаюцца дысцыпліны “Ландшафтны дызайн” і “Дэкаратыўнае садаводства”. Так што добраўпарадкаванне горада – добры шанц сумясціць тэорыю з практыкай.

Дарэчы, некаторыя навучэнцы гэтага аддзялення праходзяць практыку ў Нацыянальным батанічным садзе ў Мінску, а таксама на прадпрыемствах зеленгасбуда краіны, а потым, пасля заканчэння каледжа, застаюцца там на пастаянную работу.

Як расказала Таццяна Прыхач, работы ляхавіцкіх каляджан выклікалі цікавасць і на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што нядаўна прайшла ў сталіцы.

А пакуль каледж працягвае прымаць заяўкі на новыя хваёвыя шэдэўры. У бліжэйшы час пачнуць акультурвацца тэрыторыі каля магазінаў.

Кампазіцыі, створаныя таленавітымі і працавітымі рабятамі, будуць радаваць гараджан і гасцей Ляхавіч на працягу паўгода – менавіта такі тэрмін захаванасці хваёвых фігур.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Кампазіцыі, створаныя таленавітымі і працавітымі рабятамі з каледжа, будуць радаваць гараджан і гасцей Ляхавіч на працягу паўгода

  • 05/12/2013 в 08:56
    Permalink

    Профессионально, с изюминкой украшены клумбы. Хорошо придумали!

  • 05/12/2013 в 15:02
    Permalink

    Такие ребята не пойдут ломать заборы! Уважение им.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *