5 снежня – Міжнародны дзень валанцёра. Сярод тых, хто бескарысліва дапамагае людзям – і малады ляхавічанін

Уладзіслаў Пранчак

Новае пакаленне смела крочыць у будучыню, прыхапіўшы з сабой ноўтбук, новыя тэхналогіі і імкненне бясконца зведваць усё новае і самае перадавое. Услед маладым глядзіць пакаленне бацькоў, як заўсёды, з трывогай: каб за імклівым тэхнічным прагрэсам не растрацілі дзеці найлепшых душэўных якасцяў: патрыятызму, дабра, міласэрнасці і любві… Не растрацяць. Наадварот, таленавітыя і мэтанакіраваныя, яны багацеюць душой. А вось і свежы факт, які пацвярджае гэтую выснову. Вучань 11 “А” класа СШ № 1 г. Ляхавічы Уладзіслаў Пранчак – валанцёр. Хто гэта такі?

Уладзіслаў з разраду людзей, якія не пройдуць міма, калі некаму дрэнна, цяжка, балюча. Ён дапаможа і малому, і састарэламу. Ды не толькі ён адзін, такія ж і яго сябры-валанцёры. Але Уладзіслаў яшчэ і ініцыятыўны, дапытлівы, творчы – таленавіты чалавек. Калі абвясцілі абласны конкурс “Шляхам добрых спраў”, ён пазнаёміўся з яго ўмовамі і вырашыў, што яму ёсць што сказаць. Выбраў індывідуальную намінацыю “Рэха ў будучыню” і падаў на суд журы рэкламны відэаролік пад назвай “Мы валанцёры – за намі будучае”, у якім прапагандуецца міласэрнасць. За 3 хвіліны ён паказаў і расказаў пра жыццёвую восень, якая наступіць для кожнага, валанцёрскую дапамогу адзінокім пажылым,і пра тое, што ў нашым грамадстве гэтая катэгорыя грамадзян ніколі не застанецца сам-насам са сваімі праблемамі, бо ёсць міласэрнасць, спагада і дабрыня іншых людзей.

Уладзіслаў выступіў у ролі рэжысёра, аператара і акцёра. Яго праца была высока ацэнена журы: Уладзіслаў Пранчак стаў прызёрам абласнога конкурсу і атрымаў пуцёўку ў славуты рэспубліканскі лагер адпачынку “Зубраня”, дзе будзе працягваць шліфаваць сваё майстэрства. Дарэчы, кіраўніком, дарадчыкам, першым гледачом і крытыкам творчай працы адзінаццацікласніка быў педагог-арганізатар СШ №1 Алена Дзянішчык.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *