Вопрос организации вторичной занятости молодежи обсуждался на очередном заседании райисполкома г.Ляховичи

Будатрадаўцы падчас добраўпарадкавання райцэнтра

Адным з асноўных накірункаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца садзейнічанне рэалізацыі права юнакоў і дзяўчат на працу. Таму арганізацыі занятасці студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў вольны ад вучобы час надаецца значная ўвага. Гэта пытанне знаходзіцца, у тым ліку, і на кантролі раённай улады.

У Ляхавіцкім раёне сёлета падчас летняга працоўнага семестра былі задзейнічаны 2156 юнакоў і дзяўчат (на 16 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе). У студэнцкіх атрадах працаваў 151 чалавек, у валанцёрскіх – 352, яшчэ 1503 займаліся іншымі відамі карыснай для грамадства дзейнасці.

Члены валанцёрскіх атрадаў аказваюць канкрэтную дапамогу ветэранам вайны і працы, адзінокапражываючым састарэлым грамадзянам, інвалідам, наводзяць парадак на тэрыторыі палацава-паркавых ансамбляў, на месцах воінскіх пахаванняў. Сёлета валанцёры ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў падчас святкавання абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013”.

На базе ўстаноў адукацыі раёна паспяхова дзейнічалі 5 летніх працоўных атрадаў, 80 рабят прыбіралі лясы ад смецця, займаліся азеляненнем, фарбавалі агароджу ў райцэнтры. І сабе карысць – змаглі зарабіць грошы, і прыемна адчуць, што ў агульным парадку і чысціні ёсць і твая заслуга. Пра тое, што маладыя працавалі з душой і адказна, сведчаць толькі станоўчыя водгукі пра іх работу ад кіраўніцтва работадаўцаў – КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” і ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Многія з рабят выказвалі жаданне, калі будзе магчымасць, папрацаваць і на наступнае лета.

Супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў рамках праграмы занятасці падчас летніх канікулаў працаўладкавалі 50 чалавек. 43 з якіх – будатрадаўцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, якія добраўпарадкавалі тэрыторыю навучальнай ўстановы, рабілі рамонт у інтэрнацкіх пакоях. 7 з працаўладкаваных – старшакласнікі Альхоўскай СШ, якія наводзілі чысціню і парадак у роднай школе, збіралі мэблю.

Паспяхова гэтым летам зарэкамендаваў сябе студэнцкі педагагічны атрад – юнакі і дзяўчаты працавалі ў якасці важатых і выхавальнікаў у аздараўленчым лагеры “Чайка”.

Для арганізацыі другаснай занятасці моладзі ўсімі зацікаўленымі службамі штогод праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб як мага паўней ахапіць усіх, хто жадае папрацаваць ў вольны ад вучобы час. Гэта і пошук аб’ектаў, гатовых прыняць маладых на работу, і стварэнне банка даных навучэнцаў і студэнтаў, якія не жадаюць на канікулах сядзець без справы. На жаль, прапанова прыёму на работу значна саступае жаданню маладых працаваць.

Пытанне арганізацыі другаснай занятасці моладзі абмяркоўвалася на чарговым пасяджэнні райвыканкама. Адзначана, што неабходна актывізаваць работу штабоў працоўных спраў, пашырыць дзейнасць валанцёрскіх атрадаў. Таксама ў рашэнні, прынятым па пытанні, акрэслена неабходнасць арганізацыі і правядзення раённага конкурсу “Працоўны семестр” на лепшы студэнцкі атрад і лепшую школьную брыгаду па ўборцы сельгаспрадукцыі. Нялішнімі будуць семінары па пытаннях арганізацыі кампаніі “Працоўнае лета”. Варта актывізаваць кантроль за станам аховы працы на аб’ектах, дзе працуюць студэнцкія атрады. І гэту работу неабходна пачынаць сёння.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *