Своечасова выявіць, каб вылечыць

Злаякасныя новаўтварэнні з’яўляюцца адной з найбольш складаных медыка-сацыяльных праблем сучаснага грамадства. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце прагназуецца павелічэнне захворвання злаякаснымі пухлінамі з 10 мільёнаў у год цяпер да 15 мільёнаў у 2020 годзе. Адначасова анкалагічныя хваробы выйдуць на першае месца ў свеце па смяротнасці ў структуры ўсіх захворванняў, абагнаўшы пры гэтым “традыцыйнага лідара” – сардэчна-сасудзістыя захворванні. Японія ўжо сёння адна з тых нямногіх краін свету, дзе анкалагічныя захворванні апярэджваюць па смяротнасці сардэчна-сасудзістыя.

Магчыма рэальная і эфектыўная прафілактыка злаякасных новаўтварэнняў. Агульнапрызнана, што 80-90 працэнтаў выпадкаў анкалагічных захворванняў абумоўлена ўздзеяннем канцэрагенных фактараў навакольнага асяроддзя і асаблівасцямі ладу жыцця. Гэты факт служыць зыходнай кропкай у фарміраванні ўсіх прафілактычных супрацьракавых праграм, прынятых у эканамічна развітых краінах. Вызначаны асноўныя накірункі, якія дазваляюць у межах пярвічнай прафілактыкі раку дабіцца рэальнага зніжэння анкалагічных захворванняў насельніцтва.

Як ні дзіўна, самы лёгкі, танны і выніковы шлях, які можа значна знізіць магчымасць захворвання ракам – адмова ад курэння. Падлічана, што 25-30 працэнтаў усіх смерцяў ад раку ў развітых краінах звязана з курэннем.

Па даных вынікаў даследаванняў, праведзеных у Еўропе, Японіі і Паўночнай Амерыцы, ад 80 да 91 працэнта выпадкаў раку лёгкага ў мужчын і ад 57 да 86 працэнтаў у жанчын звязана з курэннем. Колькасць выпадкаў раку стрававода, гартані і поласці рота, звязанага з уздзеяннем толькі тытуню або ў спалучэнні з алкаголем, вагаецца ад 43 да 60 працэнтаў.

Вялікая колькасць выпадкаў раку мачавога пузыра і падстраўнікавай залозы і меншая – выпадкаў раку ныркі, страўніка, шыйкі маткі, насавой поласці таксама прычынна звязана з курэннем.

Атлусценне з’яўляецца адной з даказаных прычын захворвання і смяротнасці. Яно займае другое месца пасля курэння ў этыялогіі развіцця хранічных захворванняў у заходніх краінах; асабліва павышае рызыку дыябету, сардэчна-сасудзістых захворванняў і раку.

У многіх даследаваннях вывучалася ўзаемасувязь паміж фізічнай актыўнасцю і рызыкай развіцця раку. Існуюць пераканаўчыя даныя, што некаторыя віды рэгулярнай фізічнай актыўнасці звязаны з паніжэннем рызыкі каларэктальнага раку. Дапускаецца таксама зніжэнне рызыкі развіцця раку малочнай залозы, эндаметрыя і прастаты. Ахоўны эфект фізічнай актыўнасці ў адносінах рызыкі развіцця раку ўзмацняецца з павышэннем узроўню актыўнасці. Лад жыцця, які ўключае здаровае харчаванне, фізічныя практыкаванні і кантроль вагі, карысны людзям не толькі для прафілактыкі раку, але і іншых захворванняў.

Шэраг эпідэміялагічных даследаванняў указвае на ахоўны эфект ужывання агародніны і фруктаў супраць рызыкі захворвання многімі відамі злаякасных новаўтварэнняў, асабліва раку стрававода, страўніка, тоўстай кішкі і падстраўнікавай залозы. Фруктамі і агароднінай пажадана дапаўняць кожны прыём ежы. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, неабходна старацца павялічваць штодзённы прыём фруктаў і агародніны да 5 разоў у дзень (мінімум 400 г у дзень фруктаў і 200 г агародніны), што можа прывесці да зніжэння рызыкі захворвання ракам.

Існуюць пераканаўчыя эпі-дэміялагічныя доказы таго, што ўжыванне алкагольных напіткаў павышае рызыку раку поласці рота, глоткі і гартані, а таксама плоскаклетачнага раку стрававода. Адзначаецца тэндэнцыя да павышэння рызыкі захварэць пры павелічэнні колькасці ўжытага этылавага спірту.

У курыльшчыкаў, якія ўжываюць алкаголь, адносная рызыка развіцця злаякасных пухлін павялічваецца ў параўнанні з тымі, хто ніколі не курыў і не ўжываў алкаголь, у 10-100 разоў.

Ужыванне алкаголю таксама ў значнай ступені звязана з рызыкай пярвічнага раку пячонкі.

Уздзеянне сонца (яго ўльтрафіялетавых промняў) на чалавека з’яўляецца галоўнай знешняй прычынай развіцця раку скуры. Еўрапейцы не аднолькава схільныя да яго: найбольш часта хварэюць людзі са светлай скурай, светлымі і асабліва рыжымі валасамі, вяснушкамі і з тэндэнцыяй да сонечных апёкаў. Для папярэджання развіцця раку скуры неабходна старацца змяншаць агульнае ўздзеянне сонца на працягу ўсяго жыцця, пазбягаць празмернага сонечнага ўздзеяння і сонечных апёкаў.

Ранняе выяўленне захворвання з’яўляецца важным фактарам зніжэння смяротнасці ад раку. Чым раней дыягнаставаны рак і праведзена лячэнне, тым лепш для хворага. Неабходна наведваць урача хаця б раз у год, каб папярэдзіць развіццё раку. Жанчынам трэба ўзяць за прывычку хадзіць да гінеколага не радзей, чым раз у год, таму што ёсць шмат візуальных хвароб, напрыклад, рак шыйкі маткі або малочнай залозы, якія лёгка дыягнаставаць.

Своечасова вылечаная паталогія гарантуе добрае здароўе і доўгае жыццё. Таму і ў Беларусі, і ў Еўропе ўсё большая ўвага надаецца даклінічнай дыягностыцы. Гэта значыць, дыягностыцы захворвання на той стадыі, калі пухліна яшчэ малая і не выклікае ніякіх сімптомаў.

Скрынінг – гэта выяўленне і лячэнне хваробы да з’яўлення сімптомаў. Рэгулярнае праходжанне флюарамамаграфіі дазваляе выявіць пухліну малочнай залозы на той стадыі, калі яна не дае яшчэ метастазаў, калі магчыма хірургічнае ўмяшальніцтва без выдалення ўсёй залозы.

У Еўропе актыўна развіваюцца скрынінгавыя праграмы для дыягностыкі шыйкі маткі, прастаты, каларэктальнага раку. Плануецца ўкараненне еўрапейскіх новаўвядзенняў і ў Беларусі.

Прыкметы і сімптомы, апісаныя ніжэй, не з’яўляюцца спецыфічнымі для раку, але пры выяўленні хаця б аднаго з іх трэба звярнуцца да ўрача:

– прыпухласць;

– рана (язва), якая доўга не зажывае (уключаючы поласць рота);

– радзімая пляма, якая змяніла форму, памер або колер;

– паражэнне скуры, якое з’явілася і працягвае павялічвацца;

– незразумелае кровацячэнне.

Таксама звярніцеся да ўрача, калі ў вас ёсць такія працяглыя сімптомы: стойкі кашаль і ахрыпласць голасу; працяглае парушэнне функцыі кішэчніка або мачавога пузыра; пахуданне.

Анколагі, агучваючы лічбы, сцвярджаюць: не панікуйце! Так, статыстыка па захворванні анкалогіяй расце, але ўрачы лечаць і лечаць паспяхова. Неабходна ведаць, што ў інтарэсах саміх пацыентаў праходзіць абследаванне своечасова, каб выявіць хваробу як мага раней.

Сяргей СЯРЖАНТАЎ,

урач-анколаг райпаліклінікі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *