Сябруйце з «жывымі» прадуктамі

Забруджванне навакольнага асяроддзя, тэхнагенныя катаклізмы, стрэсавыя сітуацыі, адсутнасць паўнацэннага харчавання – усе гэтыя неспрыяльныя фактары, што суправаджаюць жыццё сучаснага чалавека, прыводзяць да зніжэння імунітэту, парушэння функцый стрававання, павелічэння колькасці людзей, якія пакутуюць алергіяй, цукровым дыябетам і іншымі захворваннямі.

Рацыянальнае і збалансаванае харчаванне з’яўляецца важнай умовай для аптымальнага фізічнага і разумовага развіцця чалавека, падтрымання яго высокай працаздольнасці, павышэння здольнасці арганізма супрацьстаяць уздзеянню неспрыяльных фактараў знешняга асяроддзя.

У апошнія гады атрымала сусветнае прызнанне развіццё функцыянальнага харчавання, гэта значыць, выкарыстанне прадуктаў натуральнага паходжання, якія пры сістэматычным ужыванні аказваюць рэгулюючае дзеянне на арганізм у цэлым і на яго асобныя сістэмы і органы.

Даказана, што абагачэнне малочных прадуктаў вітамінамі і мінераламі, прэбіётыкамі і прабіётыкамі спрыяльна ўплывае на здароўе людзей.

Вітаміны і полівітамінныя прэміксы неабходныя для нармальнага абмену рэчываў, росту і развіцця арганізма, абароны ад хваробаў і неспрыяльных фактараў знешняга асяроддзя, надзейнага забеспячэння ўсіх жыццёвых функцый чалавека. У прыватнасці, ужыванне малочных прадуктаў, абагачаных вітамінам С, садзейнічае павышэнню імунітэту і ахоўных уласцівасцяў арганізма ў перыяд вірусных рэспіраторных і прастудных захворванняў. Мінеральныя рэчывы, напрыклад, кальцый, удзельнічаюць у фарміраванні і падтрыманні структуры коснай тканкі, найлепшымі харчовымі яго крыніцамі з’яўляюцца малако і малочныя прадукты. Аднак, атрыманне неабходных 800-1200 мг кальцыю ў суткі за кошт ужывання харчовых, у тым ліку малочных, прадуктаў практычна не магчыма, таму актуальным з’яўляецца абагачэнне кальцыем харчовых прадуктаў. Асабліва гэта важна для людзей старэйшага і пажылога ўзростаў.

Прэбіётыкі – гэта харчовыя інгрэдыенты, якія не ператраўліваюцца і ў нязменным выглядзе дасягаюць тоўстага кішэчніка, дзе выбарачна стымулююць рост і жыццядзейнасць карысных біфіда- і лактабактэрый.

У састаў прэбіятычнага комплексу “Імулін” уваходзіць лактулоза і інулін. Абагачэнне лактулозай малочных прадуктаў найбольш лагічнае: атрыманая з малочнага цукру лактулоза “вяртаецца” ў малочныя прадукты, надаючы ім новыя гаючыя ўласцівасці. Функцыянальныя ўласцівасці лактулозы праяўляюцца ў паніжэнні ўтрымання халестэрыну ў крыві, садзейнічаюць паляпшэнню ўсмоктвання кальцыю. Лактулоза стымулюе агульны імунітэт, прыгнечвае рост патагеннай мікрафлоры, абараняе ад атапічных дэрматытаў, перашкаджае ўтварэнню жоўцевых камянёў.

Прэбіётык (інулін) – гэта натуральны прыродны полісахарыд, які на 95% складаецца з фруктозы. Інулін адносіцца да прэбіятычных рэчываў, гэта значыць, рэчываў, якія практычна не адсарбіруюцца ў кішэчніку чалавека, але аказваюць унікальнае селектыўнае ўздзеянне, што прыводзіць да актывацыі метабалізму і росту карыснай мікрафлоры кішэчніка, зніжэнню рызыкі ўзнікнення анказахворванняў.

Прабіётыкі – жывыя мікраарганізмы і рэчывы мікробнага паходжання, якія аказваюць пры натуральным спосабе ўвядзення пазітыўныя эфекты на фізіялагічныя, біяхімічныя і імунныя рэакцыі арганізма чалавека. Самыя папулярныя прабіятычныя культуры – гэта лактабактэрыі і біфідабактэрыі, якія складаюць каля 90% ад усёй кішэчнай мікрафлоры. Прабіётыкі ўтрымліваюцца ў любым “жывым” кісламалочным прадукце, пры вырабе якога былі захаваны мікраарганізмы, карысныя для здароўя. Жыццядзейнасць біфідабактэрый падаўляе актыўнасць гніласных патагенных бактэрый, тармозіць рост ракавых клетак кішэчніка, стымулюе прадуцыраванне вітамінаў, актывізуе імунныя працэсы, забяспечвае абарону ад кішэчнай інфекцыі, садзейнічае засваенню мінералаў, паскарае працэсы ператраўлівання ежы, засваення сілкавальных рэчываў.

На думку некаторых вучоных, прымяненне кісламалочных прадуктаў з прабіётыкамі дазволіць не толькі захаваць здароўе чалавека, але і ў нейкай меры замяніць лякарства. У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, малочныя прадукты, якія ўтрымліваюць не менш за 1 мільён прабіятычных малочнакіслых бактэрый у граме, могуць прадавацца з паметкай на ўпакоўцы “бія” і адносіцца да разраду “heаlth food” – здаровая ежа.

Забеспячэнне насельніцтва паўнацэнным харчаваннем з’яўляецца галоўным фактарам сацыяльнай стабільнасці грамадства і адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, закліканай значна палепшыць дэмаграфічны стан у краіне.

Якасць і збалансаванасць харчавання ў многім вызначае здароўе кожнага чалавека і нацыі ў цэлым.

Аляксандра МІХЕЙ,

урач-інтэрн райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *