Сярэбраны водбліск “Зарніцы-2010”

Як і паабяцалі, сёння мы яшчэ раз звернем свой і ваш, паважаны чытач, позірк на “Зарніцу-2010”. Абласны фінал ваенізаванай гульні сёлета, пасля чатырохгадовага падарожжа па іншых рэгіёнах Берасцейшчыны, вярнуўся на ляхавіцкую зямлю. Юнармейскі дэсант агульнай колькасцю амаль у тры сотні хлопчыкаў і дзяўчынак узростам да 14 гадоў высадзіўся ў раёне Федзюкаў – на тамашнім палявым вучэбным цэнтры 8-й радыётэхнічнай брыгады Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Маляўнічасць выбранага для правядзення “Зарніцы” месца – факт бясспрэчны, дадаткова бонусны, аднак, зусім не першачарговы. Створаная тут інфраструктура ў поўным аб’ёме спрыяе правядзенню юнармейскіх “манёўраў”, кожнага этапу. Страявы пляц, агнявы гарадок, паласа перашкод, гімнастычны гарадок… Мілітарысцкую стрыманасць выгадна-святочна адцяняў яркі фон палатачнага гарадка каманд-удзельніц.
Першым тэстам на шляху да перамогі ў “Зарніцы-2010” стаў для каманд конкурс “Агляд строю”. “Прыгожы ў страі, моцны ў баі” – успомнілася ў той момант калісьці пачутае і, здавалася, даўно забытае. Ацэньваліся знешні выгляд членаў каманд, дысцыпліна строю, страявыя прыёмы на месцы і падчас руху, камандныя “вакальныя” даныя і іншае.
Прыемна і цалкам заслужана лепшымі страе-вікамі “Зарніцы-2010” сталі ўдзельнікі каманды “Шанц”, якую прадстаўлялі выхаванцы Ляхавіцкай СШ №1.
“Шанц” таксама не ўпусціў шанцу перамагчы яшчэ ў двух этапах-конкурсах: конкурсе баявых лісткоў, якія ў гэтым годзе тэматычна прысвячаліся 65-годдзю Вялікай Перамогі, і конкурсе пад назвай “Старонкі гісторыі Айчыны”, акцэнт у якім таксама быў зроблены на падзеях Вялікай Айчыннай… Прызавы актыў нашай каманды папоўніўся таксама заваяванымі трэцімі месцамі ў конкурсах па медыка-санітарнай падрыхтоўцы і мастацкай самадзейнасці. Па выніках удзелу ў астатніх чатырох этапах гульні – конкурсах снайпераў, знатакоў пажарнай справы, на лепшы бівуак і ваенна-спартыўнай эстафеце – асноўная каманда раёна ў прызёры не трапіла. Выступіла, аднак, дастаткова роўна: двойчы была чацвёртай і столькі ж разоў – шостай. Прыведзены паэтапны расклад вывеў “Шанц” на другое агульнакаманднае месца “Зарніцы-2010”. Лепш атрымалася толькі ў мінулагодніх пераможцаў гульні — каманды Ганцавіцкага раёна. Такім чынам і сёлета галоўны прыз абласной ваенізаванай гульні адправіўся да нашых суседзяў. Замкнулі прызавую тройку юнармейцы Пінскага раёна. Усе яны адзначаны дыпломамі абласнога выканаўчага камітэта, каштоўнымі падарункамі. Не засталіся без узнагарод таксама пераможцы і прызёры ў кожным з асобных этапаў-конкурсаў “Зарніцы-2010”.
Каманда “Надзея”, што выступіла па-за конкурсам у складзе вучняў СШ № 2 горада Ляхавічы, замкнула першую дзесятку.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *