Ляховичи: 3 декабря людей с ограниченными возможностями пригласили на программу «Любите жизнь»

«Жыццё любіць і ўсміхацца».

Зала цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 3 снежня ледзьве ўмясціла ўсіх гасцей. Сюды з нагоды Дня інвалідаў былі запрошаны людзі з абмежаванымі магчымасцямі, члены таварыства інвалідаў на канцэртную праграму “Любіце жыццё”.

Прэзентацыя “Гэтак жа як усе” расказала пра жыццё і захапленні інвалідаў, што наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Выстава іх творчых работ “Кропелькі дабрыні” ўразіла: колькі майстэрства і душы ўкладзена ў кожную работу – ад малюнка алоўкам да дрэў з бісеру!

У гэты ж дзень праводзіліся майстар-класы “Выкарыстанне медыцынскай тэхнікі ў хатніх умовах”, “Што павінна быць у хатняй аптэчцы ў зімовы перыяд?”, “Аздараўленчая гімнастыка”, “Аплікацыя”.

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання Святлана Несцяровіч уручыла падарункі ад ТЦСАН пастаянным наведвальнікам аддзялення, якія сёлета святкавалі свой юбілей, удзельнікам спартландыі “Вясёлыя старты”. Ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” яе старшыня Наталля Мацкевіч павіншавала з 50-годдзем і перадала падарунак падапечнай аддзялення Але Шапель.

Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна адзначыла актыўны ўдзел людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў жыцці раёна. Нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, яны і пяюць, і танцуюць, і майструюць так, як часам не могуць здаровыя людзі.

Святлана Іванаўна падкрэсліла, што ў Беларусі сацыяльная абарона людзей з абмежаванымі магчымасцямі – адзін з важных накірункаў сацыяльнай палітыкі. Каб зрабіць і наш горад зручным для іх, падчас добраўпарадкавання райцэнтра стваралася безбар’ернае асяроддзе: пышырыліся вуліцы, зроблены тратуары, пандусы, каля тэрытарыяльнага цэнтра па вуліцы Юбілейнай нарэшце спыняецца аўтобус…

Ужо 10 гадоў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі садзейнічае павышэнню якасці жыцця і адукацыі дашкольнікаў і школьнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як у другі дом, моцныя духам людзі ідуць у аддзяленне дзённага знаходжання, дзе кожны знайшоў сабе сяброў і занятак па душы.

Канцэртная праграма была багатай на разнастайныя музычныя нумары, якія дарылі гледачам добры настрой, зарад бадзёрасці, прыемныя імгненні. Шчырымі апладысментамі сустрэлі гледачы выступленне падапечных аддзялення, якія заўсёды радуюць цікавымі сцэнкамі і артыстычным выкананнем. На гэты раз яны прадставілі казку-мюзікл “Рэпка”. А калі выхаванка цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ангеліна Галіцкая праспявала песеньку “Усмешка”, на тварах прысутных яна заззяла яшчэ больш.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара .

Майстар-клас «Аплікацыя» з Ангелінай Галіцкай праводзіць педагог ЦДАДМ Наталля Махляр.

У зале

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *