Ляхавічы: выпіў, сеў за руль, застаўся без аўтамабіля

Паездка завяршылася ў судзе

«Першы — пайшоў».

Для аматараў нецвярозага ваджэння такі расклад з нядаўняга часу становіцца высока верагоднай рэальнасцю. Пранесла ці, калі прытрымлівацца тэматычнай тэрміналогіі, “правезла” ўчора – зусім не факт, што, умоўна, дзень заўтрашні, паслязаўтрашні акажуцца такімі ж фартовымі. І што пашчасціць не стаць віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння, атрымаецца пазбегнуць сустрэчы з супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі. Трапнае народнае выказванне – колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе – у вобразе і дакладна малюе перспектыву любому, хто дазваляе сабе “п’янае” ваджэнне. У выпадку першага затрымання прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне, рэцыдыў на працягу года кваліфікуецца як крымінал. Адпаведна караецца, чаму ёсць ужо і першая ў раёне практыка. Але пачну з “базы”, з напаміну, што 12 ліпеня 2013 года ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь былі ўнесены і з 24 кастрычніка ўступілі ў дзеянне некаторыя змяненні. Тычыліся яны шэрагу артыкулаў, якія ўстанаўліваюць крымінальную адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, за парушэнне Правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап’янення, што стала прычынай цяжкіх цялесных пашкоджанняў або смерці чалавека. Імі таксама пашыраны пералік маёмасці, якая можа быць канфіскавана па крымінальных справах. Так, напрыклад, за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане на працягу года пасля накладзенага адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне адказнасць стала больш жорсткай. Дабаўлены такі від пакарання як пазбаўленне волі, пашырана магчымасць выкарыстання дадатковага пакарання ў выглядзе штрафу. Пры гэтым хацелася б адзначыць, што мінімальны памер штрафу складае 100, а максімальны 1000 базавых велічынь. Асабліва хочацца звярнуць увагу, што, у адпаведнасці з артыкулам 61 Крымінальнага кодэкса, незалежна ад права ўласнасці, транспартны сродак, на якім было здзейснена злачынства, падлягае канфіскацыі на карысць дзяржавы. Выключэннем з’яўляюцца толькі выпадкі, калі завалоданне даным транспартным сродкам адбылося неправамерным спосабам. Напрыклад, быў учынены ўгон. Акрамя таго, у артыкул 317 КК унесены змены, у адпаведнасці з якімі становіцца больш жорсткім пакаранне за парушэнне Правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ці выкліканага ўжываннем наркатычных, таксічных, псіхатропных рэчываў ап’янення. У выпадку, калі наступствамі сталі цяжкія цялесныя пашкоджанні або смерць чалавека, вінаваты нецвярозы вадзіцель можа быць пакараны пазбаўленнем волі тэрмінам да 7 гадоў. Калі ж наступіла смерць двух і больш чалавек, адправіцца ў месцы пазбаўлення волі можна і на 10 гадоў. Раней, заўважу, у падобных сітуацыях максімальнымі тэрмінамі былі 5 і 7 гадоў адпаведна. Жорсткасць, але справядлівасць новых паправак у Крымінальным кодэксе ўжо паспытаў на сабе адзін наш зямляк. 3 снежня судом Ляхавіцкага раёна ўпершыню пасля ўступлення ў сілу ўказаных вышэй паправак разглядалася крымінальная справа ў адносінах грамадзяніна за кіраванне аўтамашынай у стане алкагольнага ап’янення на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за падобнае правапарушэнне. Разгляд крымінальнай справы ў выязным судовым пасяджэнні ажыццяўляўся па ініцыятыве пракуратуры. У тым ліку, і з прычыны таго, што ўжо толькі ў бягучым годзе 168 жыхароў раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане. Таксама на тэрыторыі Ляхавіччыны зарэгістраваны рост злачынстваў, што кваліфікуюцца артыкулам 3171 Крымінальнага кодэкса, з леташніх 5 да 9 у гэтым годзе. На пасяджэнне, якое, дарэчы сказаць, праходзіла ў новых сценах райаддзела міліцыі, былі запрошаны і некаторыя з правапарушальнікаў – вадзіцелі, якія затрымліваліся аўтаінспектарамі за “нецвярозую” язду. Для апошніх, хочацца думаць і верыць, гэта стане дзейснай прафілактычнай мерай, навукай на ўсё жыццё. А прыклад іх нядаўняга “калегі” паслужыць сумным і не вартым пераймання вопытам. На момант здзяйснення злачынства абвінавачваны пражываў у адной з вёсак нашага раёна. Апошнія паўгода нідзе афіцыйна не працаваў. У маі прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне аўтамашынай у стане алкагольнага ап’янення. Атрымаў спагнанне ў выглядзе штрафу, які ў поўным аб’ёме не заплаціў. А ў лістападзе зноў дазволіў сабе п’яным сесці за руль. У ходзе судовага пасяджэння мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Па выніках разгляду крымінальнай справы мною як дзяржаўным абвінаваўцам суду было прапанавана прызначыць грамадзяніну пакаранне ў выглядзе 1 года абмежавання волі з пазбаўленнем права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на 5 гадоў і штрафам у памеры 39 мільёнаў рублёў і канфіскацыяй у даход дзяржавы аўтамабіля прыкладным коштам у 70 мільёнаў рублёў. Суд пагадзіўся: падсудны атрымаў пакаранне, аналагічнае запрошанаму. Жорстка, балюча? Безумоўна. Але ж не суд, не пракуратура, не міліцыя паставілі чалавека ў такое становішча. Вінаваціць ён павінен толькі самога сябе – ні больш, ні менш. Між іншым, ёсць ужо і паслядоўнікі апошняга: на сённяшні дзень у суд накіравана яшчэ адна падобная крымінальная справа, вынікам якой таксама можа стаць спецыяльная канфіскацыя аўтамашыны. Хочацца спадзявацца, што магчымасць прымянення больш жорсткіх мер у адносінах нецвярозых вадзіцеляў “працвярэзіць” іх розум, заставіць адмовіцца ад ужывання перад паездкай спіртных напіткаў.  

Сяргей ДЗЯЖКО,

пракурор Ляхавіцкага раёна.

Фота Івана КАВАЛЕНКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *