Перавязка зроблена. Пажар патушаны

У першую суботу чэрвеня на стадыёне “Колас” райцэнтра было горача і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. За званне лепшай адначасова змагаліся санітарныя і добраахвотныя пажарныя дружыны прадпрыемстваў і сельгаскааператываў раёна. Усяго на Ляхавіччыне створана 8 такіх фарміраванняў, якія ў выпадку надзвычайных сітуацый першымі акажуць дапамогу насельніцтву. Хутка ўступяць у барацьбу з вогненнай стыхіяй і члены 80 добраахвотных пажарных дружын раёна.
Кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, дзе дзейнічаюць санітарныя дружыны, з разуменнем і падтрымкай аднесліся да мерапрыемства. Усе 8 укамплектаваных каманд прынялі ўдзел у спаборніцтвах (яны, дарэчы, праводзяцца ў раёне з 1977 года). Штогод сярод прызёраў – сан-дружыны ААТ “Ляхавіцкі торфабрыкетны завод”, “Ляхавіцкі льнозавод”, СВК “Жарабковічы” і “Ляхавіцкі”. Больш за 30 гадоў сандружыннай справе прысвяцілі камандзір дружыннікаў торфабрыкетнага завода Тамара Ляцяга, сандружынніцы Марыя Гаўдзіс, Валянціна Ганчарык, Ванда Дамашэвіч з СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, “Ордэна “Знак Пашаны “Кастрычнік”. Больш за 20 гадоў падрыхтоўкай каманд разам з медперсаналам райбальніцы займалася вядучы інжынер па ахове працы ЦРБ Валянціна Пайтэрава.
Падчас урачыстага адкрыцця спаборніцтваў з прывітальным словам выступілі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, начальнік штаба грамадзянскай абароны раёна Валерый Равінскі. Галоўны ўрач Ляхавіцкай райбальніцы і па сумяшчальніцтву галоўны суддзя спаборніцтваў Уладзімір Усцюшкоў уручыў падарункі, падрыхтаваныя раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, ветэранам-сандружыннікам.
Спаборніцтвы, як і заўсёды, праходзілі пад дэвізам “Майстэрства, хуткасць, зладжанасць і акуратнасць”. Сандружыны ўдзельнічалі ў конкурсе строю і песні, прадставілі на суд журы насценныя газеты. Асабліва запамінальна прайшло спаборніцтва камандзіраў. Першынство – за Аленай Навалочка з СВК “Жарабковічы”, на другім і трэцім месцы адпаведна Людвіка Піліпчык з СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” і Святлана Бараноўская з КУСГП “Нача”.
Па выніках усіх іспытаў пераходны кубак спаборніцтваў-2010 заваявала сандружына СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, сярод прызёраў апынуліся КУСГП “Нача” і СВК “Ляхавіцкі”.
З 80 добраахвотных пажарных дружын удзел у мерапрыемстве прынялі 7: з ААТ “Ляхавіцкі торфабрыкетны завод”, “Ляхавіцкі райаграсервіс”, СВК “Жарабковічы”, “Дарава”, “Ляхавіцкі”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, КУСГП “Нача”. Усяго 2 віды іспытаў неабходна было пераадолець камандам. Але якіх! На смеласць, мужнасць, вытрымку правяралі дружыннікаў на стометровай паласе з перашкодамі і ў баявым разгортванні. На абодвух этапах роўных не было камандзе ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”, яна і стала пераможцай. На другім і трэцім месцы – каманды СВК “Ляхавіцкі” і “Дарава”.
Пераможцы і прызёры сярод санітарных і пажарных дружын узнагароджаны граматамі і падарункамі, а таксама атрымалі грашовыя прэміі.
Добрае надвор’е і цудоўны настрой стварылі сапраўдную атмасферу свята, якую цудоўна дапаўняў спартыўны азарт.
Уладзімір РАДЧАНКА, намеснік начальніка РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *