Намесніку галоўнага ветэрынарнага ўрача Ляхавіцкага раёна прысвоена званне “Лепшы па прафесіі”.

«Галоўны дыягност».

Тамара Малахвей – не проста прафесіянал высокага класа. Яна яшчэ і заснавальнік працоўнай дынастыі.

Пра самую старажытную медыцыну – ветэрынарную – пойдзе размова. Дакладней, пра адданую гэтай справе жанчыну, вельмі прыгожую душой, сабой, памкненнямі, што ідуць ад самага сэрца – пра намесніка галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна па дыягностыцы раённай ветэрынарнай станцыі Тамару Малахвей.

Зусім банальна гучыць, што на яе выбар прафесіі паўплывала яшчэ дзіцячая любоў да жывёл, але гэта было іменна так. Некалі на яе – старэйшую ў сям’і – лёг клопат пра хатнюю гаспадарку – даволі вялікую. Карміла, даіла, лячыла, нават касіла траву. Сама дзівілася, што работа гэтая ёй прыносіла задавальненне. Пасля школы паступіла ў Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, які закончыла з чырвоным дыпломам, а пасля – у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. З той пары і працуе ў райветстанцыі на адказнейшай пасадзе: часам, каб правільна паставіць дыягназ захварэўшай жывёле, праводзіць шэраг біяхімічных, сералагічных, хіміка-таксікалагічных даследаванняў. Пад яе кантролем і радыяцыйны фон нарыхтоўваемых у сельгаспрадпрыемствах раёна кармоў, навакольнага асяроддзя, вады і г.д. Тамара Іосіфаўна любую работу выконвае з душой і вялікім пачуццём адказнасці.

Так часта бывае, што справу бацькоў працягваюць іх дзеці. Вось і ў сям’і Малахвей першым па слядах матулі пайшоў сын Мікалай, які атрымаў прафесію ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі і сёння працуе намеснікам галоўнага ветурача ЗАТ “Белпрампрыбор”, дзе яго цэняць як выдатнага спецыяліста. Пасля заканчэння школы падалася ў ветэрынарыю і дачка Ганна, яна таксама дыпламаваны спецыяліст, вучылася ў той жа ВНУ, што маці і брат. Ганна – ветурач райветстанцыі.

Між іншым, як некалі, так і цяпер, Тамара Іосіфаўна аўтарытэт для сваіх дзяцей, прычым не толькі як матуля, але і калега- прафесіянал, з якім можна абмеркаваць самыя розныя вытворчыя і невытворчыя пытанні.

Нядаўна сям’я і калегі віншавалі Тамару Іосіфаўну з прысваеннем ёй звання “Лепшы па прафесіі”.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *