Гісторыя: сабраць і захаваць. Гэтым займаюцца дзяржаўныя архівы

У працэсе дзейнасці дзяржавы ствараюцца дакументы, што адлюстроўваюць розныя сферы яе жыцця. Частка з іх ўяўляе навукова-гістарычную і культурную каштоўнасць і падлягае здачы ў дзяржаўныя архівы. Дакументы гэтыя складаюць Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь, які ахоўваецца законам. Захоўваюцца яны ў шасці цэнтральных, шасці абласных і шаснаццаці занальных архівах. Колькасць спраў у іх складае больш за 12 мільёнаў. Архівы выконваюць важную задачу, збіраючы і захоўваючы дакументальныя сведчанні гісторыі дзяржавы.

У 1940 годзе быў створаны Баранавіцкі абласны архіў для канцэнтрацыі, уліку, захоўвання, прывядзення ў парадак і навуковай распрацоўкі архіўных матэрыялаў. У час Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць архіва была спынена. У гады акупацыі было знішчана 11000 спраў і 70 тон неразабранага матэрыялу абласнога архіва за 1920-1941 гады. З вызваленнем тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў ліпені 1944 года прымаліся тэрміновыя меры па аднаўленні архіўных устаноў вобласці, іх дзейнасці, па выратаванні і прывядзенні ў парадак дакументаў, паляпшэнні ўмоў іх захоўвання, вызначэнні размераў і ўліку страт, нанесеных архіву падчас вайны.

Будынак дзяржархіва аказаўся паўразбураным, памяшканнем для яго з’яўлялася былая нямецкая кухня, якая складалася з трох пакояў плошчай 110 квадратных метраў. У 1945 годзе яно было адрамантавана, устаноўлены стэлажы, забяспечана ахова. У 1953 годзе архіў ужо размяшчаўся ў дзвюх будынках па вуліцы Міцкевіча.

У 1954 годзе на базе Брэсцкага абласнога архіва быў арганізаваны дзяржаўны архіў Баранавіцкага гарвыканкама, куды прымаліся дакументы ад райдзяржархіваў, ліквідаваных арганізацый былой Баранавіцкай вобласці, і дзеючых арганізацый г. Баранавічы. У далейшым на базе гарадскога архіва быў створаны філіял дзяржархіва Брэсцкай вобласці ў г. Баранавічы.

У 1970 годзе для архіва быў узве-дзены новы будынак, размешчаны па вуліцы Лісіна, 12, дзе ён размяшчаецца і зараз.

На пачатак 2013 года колькасць спраў, што захоўваюцца ў дзяржархіве, склала 201326. Гэта дакументы, якія адлюстроўваюць палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё былой Баранавіцкай вобласці, г. Баранавічы, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці за 1939-1941, 1944-2010 гады. Да найбольш цікавых дакументаў дзяржархіва, якія раскрываюць гісторыю Ляхавіцкага раёна, адносяцца звесткі аб нацыяналізацыі маёмасці, раскулачванні і высяленні грамадзян Ляхавіцкага раёна. Вялікую каштоўнасць уяўляюць спісы грамадзян, якія прыбылі з усходніх абласцей СССР у 1942-1943 гг. і якія пражывалі на тэрыторыі раёна, звесткі аб грамадзянах, вывезеных у нямецкае рабства і загінуўшых у гады вайны. Таксама ў дзяржархіве захоўваюцца, пачынаючы з 1944 года, дакументы Ляхавіцкага гарадскога і раённага выканаўчых камітэтаў, рэдакцыі газеты “Совецкі патрыёт”, сельскіх выканаўчых камітэтаў і сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, іншых арганізацый.

Выкарыстанне дакументаў, якія тут захоўваюцца, – асноўны накірунак работы архіва, паколькі ён забяспечвае захаванне законных правоў і інтарэсаў грамадзян, прадастаўленне карыстальнікам неабходнай інфармацыі. У архіве штогод у аддзеле даведачнай работы выконваецца больш за 1000 запытаў па пытаннях пацвярджэнняў працоўнага стажу, навучання, знаходжання ў дзіцячых дамах, прымусовага ўгону ў Германію і пражывання на акупаванай тэрыторыі. Гэта катэгорыя запытаў робіцца для грамадзян бясплатна. Атрыманне даведак па пытаннях маёмаснага і спадчыннага характару, а таксама звестак біяграфічнага характару ажыццяўляецца на платнай аснове. Акрамя таго, у архіў звяртаюцца выкладчыкі, студэнты (для падрыхтоўкі навуковых, дыпломных і курсавых работ, удзелу ў канферэнцыях), а таксама прадстаўнікі розных арганізацый для атрымання звестак па гісторыі сваіх устаноў і выканання службовых заданняў. Прыём у дзяржархіве ажыццяўляецца кожны дзень з 8.00 да 17.00, у аўторак і чацвер – з 8.00 да 20.00, перапынак – з 13.00 да 14.00.

Вольга ШЭРШАНЬ,

загадчыца аддзела выкарыстання

дакументаў занальнага дзяржархіва ў г. Баранавічы.

Малюнак з сайта http://worage.com

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *