Ляховичи: в кино пойдём всей семьёй

17 снежня- Дзень беларускага кіно.

Абмяркоўваюць рэпертуар да Дня беларускага кіно дырэктар кінавідэасеткі Юрый Александровіч, галоўны бухгалтар Алена Фалітар і галоўны інжынер Ларыса Ляўковіч.

Памятаю, як у дзяцінстве кожны паход у кіно быў вялікім святам. Збіраліся ўсім дваром, са школьнымі сябрамі чыталі афішу, выбіралі цікавы фільм. А колькі потым уражанняў было і абмеркаванняў!

Сёння любы фільм ці мульцік можна знайсці ў інтэрнэце і праглядзець, не выходзячы з дому. Але ўсё ж такі, кінасеанс у спецыяльным памяшканні, ды яшчэ ў такім, якім стаў Ляхавіцкі “Кастрычнік” пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй, мае сваю прывабнасць і пэўныя перавагі. Яны адчуваюцца яшчэ пры набліжэнні да кінатэатра. Прыгожыя лавачкі, добраўпарадкаваная тэрыторыя паспелі стаць любімым месцам адпачынку моладзі. А каб кінатэатр стаў любімым месцам адпачынку гараджан, дзяржавай было выдаткавана на яго рэканструкцыю больш за 3,5 мільярда рублёў.

Прасторнае фае “Кастрычніка”, у якім можна пазнаёміцца з анонсам, ветлівыя супрацоўнікі, глядацкая зала на 150 месцаў – як жа тут прыемна праводзіць вольны час. Прыемна і пазнавальна. У ляхавічан з’явілася выдатная магчымасць апынуцца ў кінасвеце з дапамогай сучаснага абсталявання. Сёння ў кінатэатры дэманструюць фільмы як у лічбавым фармаце, так і ў 3D. Новы фармат – новыя правілы. Вам выдаюць акуляры, якія ператвараюць малюнак у аб’ёмны, і вы апускаецеся яшчэ глыбей у падзеі, якія адбываюцца на экране. Размяшчаешся ў зручным крэсле і адчуваеш спакой і ўтульнасць. Дарэчы, на гэты элемент камфорту было затрачана амаль 230 мільёнаў рублёў.

Па словах дырэктара кінавідэасеткі Юрыя Александровіча, больш за ўсё наведвальнікаў у выхадныя дні. Аўдыторыя абноўленага кінатэатра – у асноўным дзеці і моладзь да 23 гадоў. Да іх увагі – як сучасныя кінастужкі, так і добрыя беларускія фільмы, на якіх выраслі цэлыя пакаленні.

– 25 працэнтаў рэпертуару – мастацкія фільмы беларускага кінематографа розных гадоў: “Галоўная роля”, “Права на любоў”, “Шчыт Айчыны”, “Чаклун і Румба”… Іх з задавальненнем глядзяць як школьнікі, так і больш сталае пакаленне. Між іншым, у нас ужо з’явіліся пастаянныя наведвальнікі. Ёсць і тыя, хто аддае перавагу прагляду цікавых кінастужак у створанай падчас рэканструкцыі малой зале, якая ўмяшчае да 7 чалавек. Тут можна папіць чаю, праглядзець сямейныя ці сяброўскія відэасюжэты ва ўтульнай абстаноўцы, – расказвае дырэктар.

Да Дня беларускага кіно “Кастрычнік” дэманструе школьнікам раёна дзіцячы фільм вытворчасці нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Прыгоды Несцеркі”.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аншлаг

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *