Рэгіянальныя СМІ: блізка да чытачоў. У Салігорску прайшоў рэспубліканскі семінар кіраўнікоў дзяржаўных рэгіянальных друкаваных СМІ

Пленарнае пасяджэнне

11 снежня ў адзін з самых маладых гарадоў Беларусі – горад калійшчыкаў Салігорск – з’ехаліся на рэспубліканскі семінар галоўныя рэдактары дзяржаўных абласных, гарадскіх і раённых газет.

Газетчыкі сабраліся, каб абмеркаваць шэраг надзённых пытанняў. У пленарным пасяджэнні прыняў удзел міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. Выступаючы перад удзельнікамі сустрэчы, ён ахарактарызаваў сучасны стан і перспектывы развіцця рэгіянальнай прэсы. Адзначыў, што яна займае сваю нішу ў інфармацыйным полі краіны, выконваючы сацыяльную і грамадска-палітычную функцыі. Менавіта рэгіянальная газета бліжэй да чытача, уцягнута ў жыццё рэгіёна, ведае канкрэтныя праблемы людзей. Міністр адзначыў, што сегмент друкаваных СМІ паспяхова развіваецца.

Па словах Алега Праляскоўскага, з больш як 130 рэдакцый абласных, гарадскіх і раённых газет 90 – самаакупныя выданні.

“Нашы раённыя газеты аснашчаны вельмі добра, ідуць у нагу з часам, у іх ёсць інтэрнэт-версіі, да якіх звяртаюцца з усяго свету”, – адзначыў міністр. Ён падкрэсліў, што сайт газеты пачынае выконваць функцыю “гарачай лініі”, дзе навіны раёна, навіны горада ідуць у рэжыме онлайн.

З методыкай сацыялагічнага вывучэння аўдыторый рэгіянальнай прэсы прысутных пазнаёміў дырэктар цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман і супрацоўнікі ЦСПД.

Наогул, праграма семінара была насычанай і разнастайнай. Першым пунктам на маршруце газетчыкаў стала Салігорская дзіцячая школа мастацтваў. Невялікім, але яскравым канцэртам была зроблена творчая справаздача ўстановы.

Чарговы прыпынак – у рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння. На сённяшні дзень гэта дзяржаўная ўстанова аховы здароўя – вядучая ў вобласці спелеатэрапіі, можна сказаць, з’яўляецца брэндам краіны. Тут лечаць бранхіяльную астму, бранхіты і алергічныя рыніты ва ўмовах саляных шахтаў на глыбіні 420 метраў. Любы жадаючы, пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў, можа тут прайсці курс лячэння, стаўшы на чаргу ў паліклініцы па месцы жыхарства.

Журналісты пазнаёміліся ў гэты дзень і з дзейнасцю горадаўтваральнага прадпрыемства, флагмана сусветнай калійнай прамысловасці – ААТ “Беларуськалій”. Асноўная вытворчасць яго прадстаўлена шасцю руднікамі і чатырма абагачальнымі фабрыкамі. Прадпрыемства выпускае калійныя ўдабрэнні, тэхнічную соль, розныя віды кухонных соляў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Работа выставы СМІ

Перад пленарным пасяджэннем

У Салігорскай школе мастацтваў

У рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *