Гасціннае месца ёсць у Ляхавічах (фота)

Другое нараджэнне мясцовай гасцініцы адбылося на вачах ляхавічан, жыхароў раёна. Цудоўнае і не ва ўрон якасці вельмі хуткае, калі на выкананне асноўнага комплексу рамонтна-абнаўленчых работ пайшло каля месяца часу. Чым была выклікана такая паспешлівасць? Вытворчай неабходнасцю і эканамічнай выгадай. Як памятаем, пераддажыначныя Ляхавічы рыхтавалі будаўнікі ці не з усёй вобласці – патрэбна ж было ім недзе жыць. Канешне, знайшліся б і іншыя варыянты размяшчэння, аднак для камунгаса гэта азначала б адмовіцца ад такіх відавочных і не малых заробкаў.

Ад былой, будзем шчырымі, знешняй шэрасці і зусім не зоркавага ўнутранага аздаблення не засталося роўным лікам нічога. Сучаснага выгляду, функцыянальны і эстэтычны фасад будынку прыцягвае не толькі вока. Як заўважыла адміністратар гасцініцы Жанна Мядзвецкая, апошнім часам да гасцініцы праяўляюць цікавасць маладажоны – каб сфатаграфавацца на яе фоне, ля асноўнага ўваходу, а таксама замовіць спецыяльна аформлены нумар для сябе. Што, апроч іншага, азначае гарадскую знакавасць аб’екта.

Галоўнае фае сустракае святлом, утульнасцю, цяплом. У тым ліку і цяплом усмешак персаналу гасцініцы. На журнальным століку – камплект перыёдыкі. Звяртае на сябе ўвагу карта горада – стандартны, увогуле, але для прыезджага чалавека атрыбут часам вельмі патрэбны.

За кошт пераносу месца знаходжання некаторых службаў, якія да рамонту размяшчаліся ў будынку, гасцініца пашырыла свой жыллёвы фонд. На месцы разлікова-касавага цэнтра абсталяваны нумар для пражывання інвалідаў-калясачнікаў. Усё ў адпаведнасці з патрабаваннямі стандарту, з улікам фізічных асаблівасцяў такіх гасцей.

Асобны ўваход, “лаяльны” для пераадолення пандус, адсутнасць бар’ераў на ўсім шляху, спецыяльна абсталяваныя ложак і санітарны вузел. У камплекце мэблі дадаткова прадугледжана канапа – у якасці спальнага месца ў выпадку, калі госць з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі прыехаў не адзін, а ў нечым суправаджэнні. Камфартабельнасць жа нумара, абсталяванасць яго тэхнікай і прыборамі – як і ў звычайных першаразрадных гасцінічных нумарах. І, дарэчы сказаць, на час “высокага сезона заезду” (іменна так на мове прафесіяналаў гэта называецца) ён можа выкарыстоўвацца як звычайны двухмесны.

З ранейшых 15, рэканструяваная гасцініца пашырылася да 17 жылых нумароў. 15 з іх па класіфікацыі адпавядаюць першаму разраду камфортнасці, 2 – вышэйшаму. Як растлумачыла адміністратар, нумар вышэйшага разраду, апроч іншага, абавязаны быць мінімум двухпакаёвым. Такі тут адзін, другі вышэйшага разраду – трохпакаёвы. Што называецца, на любы густ і кашалёк.

Дарэчы, пра кашалёк. Адзначым дзеючую сістэму скідак пры аплаце пражывання ў нашай гасцініцы. Напрыклад, на 10-працэнтную зніжку па аплаце могуць разлічваць спорткаманды колькасцю не менш як 10 чалавек. Існуе таксама 20-працэнтная скідка выхаднога дня, некаторыя іншыя прыемныя для кліента бонусы.

Адначасова гасцініца гатова прадаставіць камфортнае пражыванне для 34 чалавек. Незалежна ад разраднасці нумара, у распараджэнні кожнага з гасцей халадзільнік, набор посуду, тэлевізійная панэль з магчымасцю прагляду пакета праграм “Зала”, кропка выхаду ў інтэрнэт. Дарэчы, яшчэ адносна нядаўна дастаткова рэдкая паслуга зараз, як паказвае практыка, з’яўляецца вельмі запатрабаванай і вельмі папулярнай у кліентаў.

Не толькі для гасцей, у ліку якіх паспелі пабываць ужо і шматлікія замежныя грамадзяне з краін СНД і Еўропы, шмат новага з’явілася і для персаналу ўстановы. Невялікая, аднак, функцыянальная і патрэбным чынам абсталяваная гардэробная, так званы бытавы пакой укамплектаваны пральнай машынай-аўтаматам, пакой для адпачынку работнікаў гасцініцы. З улікам 12-гадзіннай працягласці змены для некаторых з іх апошняе не проста важна – першачаргова неабходна. І тут, калі ласка, мяккая мэбля, тэлевізар, электрачайнік, ЗВЧ-печ, кубкі-талеркі, іншае, каб адпачыць, адведаць чаю. Добры работнік – адпачнуўшы работнік, асабліва ў далікатнай сферы гасцінічнага бізнесу.

Завяршыць хочацца выказваннем літаратурнага класіка і знаўцы прыроды: “Яны падобныя на маленькія зоркі, якія ўхутаны па шыю ў белае футра, каб не замерзнуць ад дотыку льдоў”, – гаварыў Канстанцін Паустоўскі пра эдэльвейсы. Дык вось, у ляхавіцкім “Эдэльвейсе” цяпло і цяпло адносін гарантавана кожнаму госцю.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *