На пачатку снежня прадстаўнікі малочнага завода зноў прывезлі з Мінска ў Ляхавічы 4 дыпломы пераможцы

«Справу маслам не сапсуеш».

На здымку (злева направа): намеснік начальніка вытворчай лабараторыі Алена Праўлоцкая, начальнік лабараторыі Алена Саладуха, начальнік вытворчасці Людміла Скараход, старшы майстар Тамара Плескацэвіч, намеснік дырэктара завода па камерцыйных пытаннях Галіна Шастак і ўсе завадчане ў якасці малочнай прадукцыі свайго прадпрыемства ўпэўнены.

У конкурсе “Лепшая прадукцыя года”, што праводзяць Беларускае таварыства абароны спажыўцоў, навукова-практычны цэнтр Акадэміі навук Беларусі па харчаванні і ТАА “Экабрэйн”, СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” прымае ўдзел штогод на працягу апошняга дзесяцігоддзя. І ні разу не заставаўся без перамогі ў той ці іншай намінацыі. Прычым, ужо некалькі гадоў запар прадпрыемства становіцца яшчэ і ўладальнікам гран-пры за стабільна высокую якасць прадукцыі.

Сёлета добрая традыцыя атрымала працяг. На пачатку снежня прадстаўнікі завода зноў прывезлі з Мінска ў Ляхавічы 4 дыпломы пераможцы. “Лепшай прадукцыяй года-2013” прызнаны сыр тварожны плаўлены 55-працэнтны (у асартыменце), ёгурт абястлушчаны і ёгурт абястлушчаны з напаўняльнікам (у асартыменце), масла сметанковае “Ляхавіцкае” 70-працэнтнае, малако вітамінізаванае з вітамінам С тлустасцю 2,5 працэнта вытворчасці нашага малочнага завода. На ўпакоўцы гэтай і многай іншай прадукцыі можна без цяжкасцяў знайсці знак пераможцы конкурсу – зялёны ліст з лупай, што сімвалізуе вялікую ўвагу да экалогіі і якасці прадукту.

Канкурэнцыя і сёлета была даволі сур’ёзнай: з больш як 80 удзельнікаў каля 30 – малакаперапрацоўшчыкі. Але перамагаць у ляхавічан, можна сказаць, увайшло ў звычку. На рахунку Ляхавіцкага малочнага завода – перамога ў конкурсе на атрыманне прэміі Брэсцкага аблвыканкама ў галіне якасці, прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. І гэта вельмі красамоўна.

Ні новае абсталяванне, ні прафесіяналы высокага класа, ні запатрабаваны асартымент самі па сабе, як асобныя элементы, не могуць зрабіць прадпрыемства паспяховым. Вывесці вытворчасць на высокі ўзровень, утрымлівацца на ім, ісці ў нагу з часам можна толькі пры комплексным падыходзе: калі вышэйпералічаныя складальнікі поспеху арганічна дапаўняюцца пастаянным укараненнем навейшых тэхналогій, граматным кіраўніцтвам, жалезнай вытворчай і выканальніцкай дысцыплінай, усеагульнай гаспадарлівасцю, свядомай беражлівасцю і зацікаўленасцю кожнага працаўніка ў выніку агульнай справы. Такім “наборам” можа пахваліцца не ўсякае прадпрыемства. СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” – можа.

Адпаведныя і вынікі. На Ляхавіцкім малочным заводзе – адна з самых высокіх у галіне выпрацовак на чалавека (па выніках года па папярэдніх падліках дасягне ў эквіваленце 150 тысяч долараў на кожнага работніка). Прадпрыемства сярод лідараў у краіне па чыстым прыбытку на работніка. І ў гэтым, канешне, не апошнюю ролю іграе адна з самых нізкіх затрат энергарэсурсаў пры вытворчасці прадукцыі. Такі вынік актыўнай мадэрнізацыі, што праводзіцца тут з 2000 года.

– Галоўнае ў мадэрнізацыі – не проста ўкласці грошы ў новае абсталяванне, а атрымаць максімальны эфект ад укла-дзеных сродкаў, – падкрэслівае дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі. – Тэрмін акупнасці праектаў, што ўкараняюцца на прадпрыемстве, складае ад 1 да 3 гадоў. Гэта дазваляе мець устойлівае фінансавае становішча, выпускаць якасную прадукцыю і паспяхова яе рэалізоўваць. У сваю чаргу, гэта дае сродкі на стварэнне добрых умоў працы для нашых работнікаў, дастойную зарплату, поўны сацпакет. Мадэрнізацыя, можна сказаць, кіт, на якім трымаецца дабрабыт калектыву.

І з гэтым цяжка спрачацца.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *