У Нацыянальным парку «Белавежская пушча» прайшлі ўрачыстасці з нагоды 10-годдзя маёнтка Дзеда Мароза

«Вечарніца» з галоўнымі пушчанскімі чараўнікамі.

У Белавежскай пушчы ў мінулыя выхадныя сабралася ўся сям’я галоўнага беларускага зімовага персанажа. Гэта жонка Дзеда Мароза – Маці Зіма, дочкі Сцюжа, Завіруха, Мяцеліца і любімая ўнучка Снягурачка. Роўна 10 гадоў таму быў адкрыты маёнтак Дзеда Мароза. На юбілеі за 3 дні пабывала каля 10 тысяч турыстаў. Упершыню знакамітыя госці з’ехаліся сюды з усіх куткоў свету – усерасійскі Дзед Мароз і яго калегі – татарскі Кыш Бабай, карэльскі Пакайне, якуцкі Чысхаан і іншыя. Кампанію ім склалі героі рускіх казак і былін – Баба-Яга з Кукабоя Яраслаўскай вобласці, цар Берандзей, Балотнік, Ілья Мурамец, хлопчык Глінышак з Кіраўскай вобласці. Усе яны ўдзельнічалі ў шэсці Дзедаў Марозаў, якое пачалося ў вёсцы Каменюкі. Весела адзначалі і дзень нараджэння хвойнай прыгажуні – самай старэйшай ёлцы Еўропы “стукнула” 150 гадоў. Дзеці каля яе вадзілі карагоды, загадвалі жаданні і, як запэўнівала Маці Зіма, яны абавязкова спраўдзяцца. Шмат сюрпрызаў падарыла гасцям юбілейнае дзейства. Была закладзена першая ў свеце Алея Казачнай славы, на якой замест галівудскіх зорак – адбіткі рук і рукавіц чароўных персанажаў. Беларускі і расійскі Дзяды Марозы падпісалі дагавор аб стварэнні казачнага саюза, прэзентавалі сумесную казачную карту. На ёй пазначаны месцы, дзе жывуць навагоднія персанажы. Падчас прэзентацыі была ўстаноўлена і міжнародная казачная вярста. На гэтым незвычайным дарожным знаку – указальнікі адлегласці і напрамкі да месцаў прапіскі герояў казак і былін. Падчас свята была ўрачыста адкрыта майстэрня Маці Зімы і Музей ледзянога побыту. У майстэрні плануецца правядзенне майстар-класаў для рабят, а ў музеі будуць паказваць незвычайныя ледзяныя скульптуры.

Акрамя казачных і лясных персанажаў, дарылі цудоўны настрой гасцям самадзейныя калектывы вобласці. Ляхавіччыну на 10-гадовым юбілеі маёнтка беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы прадстаўляў клуб аматараў песні, гумару, гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК.  Ляхавіцкія самадзейныя артысты ад душы спявалі навагоднія песні, жартавалі, танцавалі на шматлікіх пляцоўках свята. Цёпла і радушна сустракалі прысутныя нашых творчых землякоў. А мастацкі кіраўнік клуба Таццяна Пішч нават станцавала з галоўным навагоднім персанажам каля прыгажуні-ёлкі. Пашанцавала ім сустрэцца і з замежнымі Марозамі, якія перадавалі прывітанні і навагоднія пажаданні ўсім ляхавічанам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва ”Вечарніцы”.

Падчас свята

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *