22 снежня адзначаюць сваё прафесійнае свята энергетыкі

Начальнік Ляхавіцкага РЭС Віктар Станкевіч, галоўны інжынер Сяргей Фінюцін і начальнік РДС Мікалай Доруш (справа налева) абмяркоўваюць умовы бяспечнай працы

Супадзенне гэта ці не, але штогод у самы кароткі светлавы дзень – 22 снежня – адзначаюць сваё прафесійнае свята энергетыкі. Сама прырода, здаецца, падкрэслівае значнасць і адказнасць прафесіі.

Ляхавіцкі раён электрычных сетак – гэта 75 работнікаў, сплаў вопыту і маладосці. На іх ускладзены абавязкі па абслугоўванні размеркавальных сетак, рамонце вулічнага асвятлення, замене прыбораў уліку, кантроль за выкарыстаннем электрычнай энергіі. Дарэчы, адказвае РЭС толькі за якасць асвятлення ў раёне. Гарадское асвятленне – справа камунальнікаў.

– Сёння на абслугоўванні ў Ляхавіцкім РЭС 639,8 кіламетра паветраных і 51,8 кіламетра кабельных ліній напружаннем 10 кВ, 663 кіламетры паветраных і 59,8 кіламетра – напружаннем 0,4 кВ, у тым ліку 238 кіламетраў сетак вулічнага асвятлення, 470 трансфарматарных падстанцый, – расказвае начальнік арганізацыі Віктар Станкевіч.

Калектыў забяспечвае стабільнае і якаснае энергазабеспячэнне спажыўцоў.

“Хуткая дапамога” арганізацыі – раённая дыспетчарская служба РЭС. Яе работнікі заўсёды знаходзяцца на перадавой і першымі ліквідуюць “сюрпрызы” надвор’я, выязджаюць па выкліках насельніцтва.   Кіруе работай аператыўна-дыспетчарскай службы Мікалай Доруш. Дыспетчары, у тым ліку, Ігар Арцюшкевіч, умела каардынуюць дзейнасць электраманцёраў, кантралююць стан ліній электраперадач і абсталявання падстанцый. Дыспетчар у стане адначасова кіраваць работай некалькіх брыгад. Таму людзям не варта баяцца, што іх званок застанецца без увагі – спецыялісты да месцаў аварый абавязкова будуць накіраваны. Можна даручыць самую адказную і складаную работу і ўсё будзе зроблена якасна электраманцёру АВБ Мікалаю Канько, вадзіцелю-электраманцёру Аляксандру Сароку. Больш за чвэрць стагоддзя ў прафесіі машыніст аўтавышкі Леанід Юруць. Трываласць зварачных швоў газаэлектразваршчыка Якава Ліцкевіча пацверджана часам і якасным станам тэхнікі. Кабельныя лініі з веданнем справы рамантуе Сяргей Шалік.

Пад кіраўніцтвам майстра Валерыя Калацкага (у цэнтры) брыгада электраманцёраў паспяхова спраўляецца з любой задачай

Неад’емная частка РЭС – Востраўскі ўчастак. Валянцін Вайшэвіч і Юрый Зазуля – вопытныя работнікі, якія тут працуюць больш за 10 гадоў.

– Ляхавіцкі РЭС – арганізацыя, якая ўвесь час развіваецца і мадэрнізуецца, – адзначае Віктар Станкевіч. Сёлета за сродкі прадпрыемства, а гэта больш за 120 мільёнаў рублёў, праведзена мадэрнізацыя паветраных ліній 0,4 кВ па вуліцы Кастрычніцкай працягласцю 1,75 кіламетра, заменены драўляныя апоры на бетонныя. Звыш 90 мільёнаў затрачана на замену кабельных ліній падрадным спосабам па вуліцах Пташука, Будаўнікоў, да дзіцячага сада № 2. Поўным ходам ідзе рамонт адміністрацыйнага будынка.

Эканомія і беражлівасць – напрамак дзейнасці, якому надаецца вялікая ўвага. Своечасова рамантуюцца размеркавальныя сеткі і замяняюцца апоры, неізаляваныя правады на ізаляваныя. За 11 месяцаў адрамантавалі лініі электраперадач напружаннем 10 кВ і 0,4 кВ агульнай працягласцю 140 кіламетраў, ачысцілі больш за 16 гектараў прасекі. Каб вечарам на вясковых вуліцах было светла, замянілі 368 лямпаў, аднавілі амаль 25 кіламетраў сетак вулічнага асвятлення.

Сёлетняе дажджлівае надвор’е было спрыяльным для працы міні-ГЭС “Шчара”, якая знаходзіцца ў зоне адказнасці ляхавіцкіх энергетыкаў. Тут за 11 месяцаў выпрацавана амаль 315 тысяч кВт-г. электраэнергіі (у 2012 – 233 тысячы кВт-г.), што можа забяспечыць асвятленне некалькіх вёсак.

Намеснік начальніка РЭС Валерый Маслюк, інжынер РКЦ Тамара Равяка і кантралёры Алена Найда, Марына Сямёнава, Алена Яворская і Людміла Траяновіч.

Электраэнергія – прадукт запатрабаваны, ім карыстаюцца ў раёне 16213 абанентаў і 204 прадпрыемствы. Як паказчык работы службы збыту электрычнай энергіі – 5 складзеных кантралёрамі актаў аб парушэнні правілаў карыстання электраэнергіяй. Нядбайнымі спажыўцамі ўчынена шкода на 16 589 кВт-г. На сёння ўсе кілаваты аплачаны.

– Менавіта ў электрасетках вельмі важны чалавечы фактар: здольнасць дапамагчы адзін аднаму, падстрахаваць, калі неабходна – выйсці на працу ў выхадны дзень. Мы сустракаем свята з добрымі вытворчымі паказчыкамі, дзякуючы нашым работнікам – дружнаму калектыву прафесіяналаў, – падкрэсліў Віктар Станкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *