Местом проведения в прошлые выходные рождественского Кубка по футзалу одноименная республиканская федерация выбрала Ляховичи

«Кубак, поўны відовішчаў».

Дзіцячыя спартыўныя юнацка-юніёрскія турніры праходзяць у нашым горадзе рэгулярна і даволі часта. Некаторыя – Кубак горада па дзюдо ці на прызы Генадзія Валюкевіча па лёгкай атлетыцы, напрыклад, прэтэндуюць на адмысловасць, з’яўляюцца сапраўднай візітоўкай Ляхавіч спартыўных. Не раённыя ж спаборніцтвы ў дарослым разрадзе “заглядваюць” да нас многа радзей. Так і хочацца сказаць, што ў выпадку цудоўных супадзенняў – зорак на небе. Але ніякай містыкі ў тым, што месцам правядзення ў мінулыя суботу і нядзелю каляднага Кубка па футзале аднайменная рэспубліканская федэрацыя абрала Ляхавічы. Як расказаў адзін з арганізатараў турніру, суддзя міжнароднай катэгорыі Павел Шупілаў, паркет Ляхавіцкай ДЮСШ футзалісты апрабавалі год назад у ходзе першых кубкавых гульняў. Усё было на ўзроўні, спадабалася: “Добрая спартыўная база. Гульні праводзім у адной зале, але побач размешчана і другая, якую, у выпадку чаго, можна задзейнічаць. Ёсць умовы, выбар па гусце і кашальку для размяшчэння спартсменаў, іх харчавання. Да вас не складана дабірацца. Хацелася б і ёсць падстава так думаць, што спаборніцтвы стануць традыцыйнымі”.

На гэты раз калядны Кубак разыгрывалі 9 каманд-удзельніц аматарскай лігі футбола ў залах. Суседнія Баранавічы выставілі аж некалькі дружын. Плюс Мінск, Маладзечна, Ганцавічы, вёска Лясная Баранавіцкага раёна, ляхавіцкі “Меліяратар”. Спачатку каманды, падзеленыя на тройкі, разыгралі права прадоўжыць барацьбу на наступны дзень у гульнях на выбыванне. Гэта нешта асаблівае, зусім іншы футбол, другая адказнасць, максімальная самааддача і напружанне. У абсалютнасці выпадкаў не што іншае, як характар, з’яўляецца асноўным у вызначэнні лепшага сярод прыкладна роўных. На першым этапе спаборніцтваў “Меліяратар” сваю задачу вырашыў паспяхова. Далей больш – перайграў сваіх сапернікаў па чвэрцьфіналу, у паўфінале гаспадароў турніру чакала вельмі моцная каманда з Ганцавіч. Па меркаванні многіх, гэта была ці не самая лепшая, найбольш відовішчная кубкавая сустрэча. “Ніхто не заслугоўваў паражэння”, — на эмоцыях заўважыў пасля адзін з гледачоў. Але гэта плей-оф, дзе, як ведаем, нічыйных зыходаў не бывае. 7:7 па заканчэнні гульнявога часу і паражэнне “Меліяратара” ў серыі пасляматчавых пенальці.

Гульню за “бронзу” ляхавічане праводзілі ўжо не ў самым “баявым” складзе. Мінімальна саступілі і аказаліся ў выніку чацвёртай камандай турніру. Трэцяе месца павезлі з Ляхавіч футзалісты Маладзечна, а дружына з Баранавіч пад назвай “Хаві” ў фінале ўпэўнена разабралася з ганцаўчанамі.

Па ходу былі названы і лепшыя ў шэрагу асабістых намінацый. Так, наш Дзмітрый Прыхач атрымаў прыз “Лепшаму бамбардзіру турніру”, а Аляксандр Касцюк быў прызнаны лепшым у складзе “Меліяратара”.

У суботу і нядзелю каманду ПМС чакаюць спаборніцтвы на Кубак Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *