Пачыналася ўсё амаль тры дзесяцігоддзі назад, калі недалёка ад Галаўнінцаў расчыніў вароты піянерскі лагер “Чайка” /фота/

«Чайка», вера, любоў і Надзея»

Радасная ажыўленасць, звонкі смех, дзіцячая непасрэднасць, птушыныя спевы, гаючае лясное паветра, дагледжаныя карпусы – так 27 сезонаў запар сустракаў сваіх шматлікіх наведвальнікаў знакаміты на ўвесь раён і далёка за яго межамі, любімы хлопчыкамі і дзяўчынкамі розных пакаленняў, размешчаны на плошчы 4 гектары аздараўленчы лагер “Чайка”.

Рабятам тут сапраўды і без перабольшвання здорава. Гульні, конкурсы, экскурсіі, паходы, спартыўныя спаборніцтвы, тэматычныя праграмы, запамінальныя паездкі і сустрэчы не толькі дазваляюць “чайкаўцам” цікава і весела адпачыць, але, што важна, адчуць узаемаразуменне паміж дзецьмі і дарослымі, знайсці сяброў і нават любімы занятак для душы. Незабыўныя паездкі ў святыню беларускага праваслаўя – Жыровіцкі манастыр, цэнтр беларускіх рамёстваў – Дудуткі, гістарычныя мясціны-помнікі – Хатынь і Курган Славы. Добрая магчымасць пазнаць Беларусь паўней і бліжэй дазваляюць экскурсіі ў Брэст, Мінск, Гродна, Віцебск, Баранавічы, Навагрудак, Нясвіж. Пашчасціла рабятам пабываць нават на Славянскім базары ў Віцебску. А родная Ляхавіччына адкрывае старонкі сваёй гісторыі падчас экскурсій па раёне: які ж цікавы гэты летапіс!

Надзея ПАТАПЧЫК, дырэктар аздараўленчага лагера «Чайка»

Стараста вёскі Бенькаўцы – адна з лепшых у раёне.

Усё пачыналася амаль тры дзесяцігоддзі назад, калі, дзякуючы калгасу “Новае жыццё”, недалёка ад Галаўнінцаў гасцінна расчыніў вароты піянерскі лагер “Чайка”. Першым яго дырэктарам быў Рыгор Хартановіч. У многім з-за яго арганізатарскага таленту “Чайка” і тады была для дзяцей “смачнай” часткай летніх канікул. Вось ужо 50 лагерных змен я таксама фанатка летніка. Памятаю ў твар, мусіць, усіх рабят. Ёсць сярод іх і такія, чый “стаж” “чайкаўца” – 13-15 змен. Час ляціць хутка, і цяпер многія з іх ужо бацькі, прывозяць сюды сваіх дзяцей з цвёрдай упэўненасцю, што тут ім будзе вельмі добра.

Лагер знаходзіцца ў лясным масіве, тут чыстае свежае паветра і казачна прыгожыя мясціны. Усё гэта аказвае гаючы ўплыў на дзіцячы арганізм, стварае добры настрой, бадзёрыць, аздараўлівае. Загартоўваючыя працэдуры, разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы, тэніс, валейбол, футбол, пяціразовае харчаванне даюць магчымасць дзеткам не толькі добра адпачыць, але ўмацоўваць здароўе.

А як папрыгажэў лагер сёлета! Цяпер на тэрыторыі летніка не проста пешаходныя дарожкі, а сапраўдныя праспекты – роўныя, без выбоін, нашым модніцам можна на любых абцасах хадзіць. Вокны амаль ва ўсіх карпусах заменены на сучасныя пластыкавыя, на іх устаноўлены маскітныя сеткі. Зроблены рамонт у харчблоку, эстэтычны сучасны выгляд набыла і абедзенная зала, на вокнах – жалюзі, адрамантавана столь. Усяго са сродкаў абласнога і раённага бюджэтаў, а таксама з заробленых на абласным суботніку на абнаўленне “Чайкі” зрасходавана каля 500 мільёнаў рублёў.

А што нашы выхаванцы? Яны не застаюцца ў баку ад навядзення парадку – беражліва адносяцца да падарункаў дарослых і самі з дня ў дзень сочаць за чысцінёй навокал. Клопат пра падрастаючае пакаленне – адзін з прыярытэтных накірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Узяць хаця б кошт пуцёўкі. Бацькоўская даплата складае ўсяго 10 працэнтаў, асноўныя выдаткі на сябе бярэ дзяржава, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць бацькі.

Мне пашчасціла працаваць з выдатнымі калегамі-педагогамі. З Ірынай Мокат, Вольгай Прыхач, Наталляй Хлапянік, Аленай Якубец, Наталляй Белай, Марынай Асіповіч, Таццянай Абражэвіч мы разам у розныя гады былі рэжысёрамі, сцэнарыстамі, аператарамі і акцёрамі свята адпачынку ў лагеры для заўсёды дапытлівай, гарэзлівай, вясёлай і непрадказальнай дзятвы. Як радаваліся, калі ў 2011 годзе летнік быў адзначаны дыпломам І ступені ў абласным туры конкурсу сярод загарадных аздараўленчых лагераў Беларусі. І летась у абласным конкурсе, які праводзіла ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, у намінацыі “Лепшы праект аздараўленчай змены” наша “Чайка” стала пераможцай з праектам “Скарбы нацыі”.

Надзея Патапчык і дружная каманда работнікаў лагера.

Хто сказаў, што сённяшніх дзяцей цікавіць толькі камп’ютар і віртуальныя кантакты? Ні ў якім разе не згаджуся з гэтым. Хлопчыкам і дзяўчынкам да ўсяго ёсць справа, галоўнае – зацікавіць іх, арганізаваць, падтрымаць у пачынаннях. У іх столькі ідэй і запалу, толькі паспявай за імі. Вось чаму 18 дзён змены пралятаюць хутка і становяцца незабыўнымі. Хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама іх бацькам ёсць за што быць удзячным “Чайцы”. Што галоўнае для дзяцей? Насычаны цікавымі справамі, падзеямі, сустрэчамі кожны дзень. Гэтага тут з лішкам. А яшчэ рэчка, пляж, ранішняя зарадка, правільнае харчаванне, пастаянны медыцынскі кантроль (у лагеры без урача і медсястры не адкрываецца змена, і прыязджаюць сюды толькі высакакласныя медыкі). У выніку атрымліваецца адменны апетыт, добрая загартоўка.

Вось ужо 15 гадоў маё жыццё непарыўна звязана з “Чайкай”. Цяжка падлічыць, колькі рабят з 1998 года, калі я была прызначана на пасаду начальніка лагера, адпачнулі тут. Яны для мяне ўсе родныя. Калі прыходжу ў храм, абавязкова малюся за здароўе сваіх “чайкаўцаў”. У жыцці здараецца ўсякае і, на жаль, знаходзіцца ў ім месца не толькі для радасных падзей. Аднак мне дастаткова сесці на веласіпед і прыехаць у “Чайку” – і ўсё становіцца на месца: хочацца жыць, працаваць, рабіць дабро. І самі па сабе складаюцца вершы. Пра што? Пра любімае і дарагое сэрцу: лагер, дзяцей, калег, маленькую радзіму – вёску Бенькаўцы, старастай якой мяне абралі землякі. Менавіта яны – галоўныя памочнікі ў навядзенні парадку. Талакой добраўпарадкуем не толькі свае прысядзібныя ўчасткі, але і вясковыя вуліцы, могілкі.

Гатова зноў і зноў прызнавацца ў любві да сваіх Бенькаўцаў, а яшчэ – да роднай беларускай мовы, на якой не толькі размаўляю, спяваю, складаю вершы, але думаю і мару. З гонарам магу сказаць: пабывала практычна ва ўсіх сталіцах святкавання Дня беларускага пісьменства. І кожны з іх пакінуў у напамін пра сябе часцінку таго, што называецца блізкім і дарагім словам – Радзіма.

Пераканана, што дзеці, якія ахоплены клопатам не толькі сваіх бацькоў і родных, але і дзяржавы, шчаслівыя дзеці. Гэта даказвае і наш летнік. Праз некалькі месяцаў зноў прагучыць: “Дарагія рабяты, рады вітаць вас у лагеры “Чайка”! Падрыхтоўка да гэтага ўжо ідзе.

Запісала Галіна КАНЬКО.

«Чайка» – востраў адпачынку і здароўя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *