Лес сяклі – трэскі ляцелі

Удасканаленне прафесійнага майстэрства, павышэнне якасці работы, папулярызацыя прафесіі – асноўныя мэты традыцыйнага раённага конкурсу сярод вальшчыкаў лесу, якія працуюць у структурных падраздзяленнях ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Сёлета ў конкурсе прафесійнага майстэрства прынялі ўдзел 12 класных спецыялістаў, якія прадстаўлялі ўсе 6 лясніцтваў і майстарскі ўчастак. Спаборніцтвы праходзілі па наладжанай схеме. У лясным масіве Крывошынскага лясніцтва праводзілася валка дрэў – спаборніцтва на трапнасць і якасць. Наступны этап перамясціў удзельнікаў, суддзяў і вальшчыкаў у Востраўскае лясніцтва, дзе і праходзілі непасрэдна стэндавыя спаборніцтвы. Вальшчыкам неабходна было правесці мантаж ланцуга, дакладна распілаваць дрэва, камбінавана разрэзаць галіны.
Кожны з удзельнікаў паказаў, на што ён здатны. Складанасць была не толькі ў саміх іспытах, але і ў тым, што работы выконваліся перад журы і калегамі. А гэта, зразумела, патрабуе дадатковых намаганняў і павышае адказнасць.
Магчыма, Аляксандру Лешыку з Востраўскага лясніцтва, дапамаглі і “родныя сцены”: ён набраў найбольшую колькасць балаў (1400) і стаў пераможцам. Лепшы вальшчык раёна будзе прадстаўляць Ляхавіччыну на занальных і абласных спаборніцтвах. На 2-м і 3-м месцы адпаведна Мікалай Зубік з Востраўскага і Валерый Корзун з Ляхавіцкага лясніцтваў. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.
Аляксандр ШЧАЎРОЎСКІ, намеснік дырэктара ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *