У Ляхавічах дзецям дораць навагодні настрой /фота/

«Цуды збываюцца пад Новы год»

Снежаньскае надвор’е больш нагадвае красавіцкае. Але ж святочны галоўны цуд пачаўся! Каля зялёнай прыгажуні-ёлкі на плошчы Леніна ў райцэнтры сабраліся гараджане і госці на навагодняе дзейства “Калядная саната”. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч павіншаваў землякоў з надыходзячымі Калядамі і Новым годам. Пажадаў, каб 2014 год прынёс шмат цікавага і добрага ў жыццё кожнага, моцнае здароўе, радасць і поспехі, каб дамы напаўняліся звонкім дзіцячым смехам, а пажылыя людзі адчувалі да сябе пастаянную ўвагу.

Па вуліцах горада пад гукі духавога аркестра прайшло шэсце галоўных навагодніх персанажаў – Дзядоў Марозаў са Снягурачкамі. Ляхавічан ад душы забаўлялі самадзейныя артысты. А святочнае афармленне горада шматразова ўзмацняе адчуванне свята.

Дарэчы, цуд і веру ў казку супрацоўнікі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі падарылі сваім выхаванцам на ранішніку “У гасцях у казкі”. Тое, што для здаровых не патрабуе намаганняў, нясе штодзённыя выпрабаванні дзеткам з парушэннямі ў развіцці. Зала цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў гэты дзень была напоўнена асаблівым святлом – святлом маленькіх сэрцаў. Дарослыя зрабілі свята цікавым і яркім, усе дзеці чыталі вершы, спявалі з такой шчырай радасцю, нібы стараліся паказаць, на што здольныя і чаму навучыліся. А госці ўсяляк падтрымлівалі артыстаў: апладысментамі, пахвалой, нават проста позіркамі. З ёлачкі жаданняў кожны мог выбраць сабе пажаданне з сімвалам 2014 года.

Жаданымі гасцямі выхаванцаў ЦКРНіР былі дарослыя – яны прыйшлі з падарункамі, якія сабраны падчас акцыі “Жаданне ў далоньцы”. Дзед Мароз раздаў салодкія пачастункі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ЦБП №117 ААТ “ААБ Беларусбанк” для заняткаў падарыў дзве магнітныя дошкі і вялікі камплект кубікаў.

Актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі прынялі супрацоўнікі Ляхавіцкай райбальніцы. Яны сабралі амаль 3 мільёны рублёў, на якія будзе заменена мэбля ў дашкольнікаў цэнтра. Супрацоўнікі РАУС – даўнія сябры маленькіх герояў свята. Яны перадалі грошы для набыцця цэнтрам неабходных рэчаў. Акрамя гэтага міліцыянеры ўдзельнічалі і ў другой дабрачыннай акцыі “Дарога да сэрца”.

Не засталося ў баку ад стварэння свята для дзетак і аддзяленне дэпартамента аховы. Як заўсёды, ляхавічане адгукнуліся на акцыю “Жаданне ў далоньцы”. Акрамя ўжо сабраных сродкаў, пра якія “ЛВ” пісаў, далучаны 2 мільёны 300 тысяч рублёў, сабраных падчас акцыі ў магазіне “Усходні”, больш за 700 тысяч дадала да іх гімназія. Усяго на сённяшні дзень дабрачынны марафон прынёс на рахунак цэнтра 13706700 рублёў і падарункаў амаль на 6 мільёнаў.

А пасля ранішніка гаспадыня кафе “Калі ласка” Наталля Лойка запрасіла выхаванцаў ЦКРНіР і іх бацькоў да святочнага салодкага стала. Сюрпрыз атрымаўся. Для рабят была падрыхтавана забаўляльная праграма з удзелам навагодніх герояў. Акрамя смачных пачастункаў у кафэ ўсе дзеткі атрымалі салодкія падарункі. Рабіць дабро так проста і так прыемна, пераканана Наталля Лойка. І ў яе гэта атрымліваецца.

Падчас дабрачынных марафонаў нашы землякі заўсёды праяўляюць свае самыя лепшыя якасці: міласэрнасць, узаемадапамогу і неабыякавасць.

Па словах дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталлі Пішч, па традыцыі ў пераднавагоднія дні стартавала акцыя “Дарога да сэрца”, якую штогод праводзіць на Брэстчыне абласное ўпраўленне ўнутраных спраў. Яе мэта – зрабіць так, каб свята прыйшло і да тых, хто хоць і выхоўваецца ў сям’і, але мае патрэбу ў асаблівым цяпле і клопаце. Для 31 такога дзіцяці былі падрыхтаваны салодкія прызы ад прадпрыемства меліярацыйных сістэм і раённага вузла электрычнай сувязі. Члены раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын перадалі 1 мільён 665 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі для дзетак закуплены цацкі, канцтавары, якія далучылі да салодкіх пачастункаў. Прадстаўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, інспекцыі па справах непаўналетніх, райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання і БРСМ пабывалі ў “трывожных” сем’ях і ўручылі падарункі рабятам.

Кожнае дзіця чакае свята, у кожнага свецяцца ад радасці вочы, калі бачыць навагодніх персанажаў, калі спраўджваюцца жаданні. А траім нашым юным землякам пашанцавала пабываць на галоўнай ёлцы краіны ў Мінску. Рабяты з усёй Брэстчыны, у тым ліку і 15 нашых школьнікаў, былі запрошаны на абласное дабрачыннае навагодняе свята. А аналагічнае ў Ляхавічах называлася “Навагодняя казка, ці Тайна старога люстэрка”.

Раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” кожны год дорыць рабятам падарункі і вясёлы зімовы настрой. Гэты пераднавагодні марафон не стаў выключэннем.

СПЦ арганізаваў і правёў пры падтрымцы раённага аддзялення таварыства Чырвонага Крыжа для дзяцей-сірот і дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях, “Навагоднюю віктарыну”. Карагоды, вершы, гульні, сюрпрызы — толькі частка падоранага відовішча.

Акцыя “Нашы дзеці” працягваецца. Яшчэ ёсць час зрабіць шчаслівымі тых, каго лёс абдзяліў бацькоўскай пяшчотай. Патрэбен крок насустрач дабрыні. Няхай спраўджваюцца мары ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак, а чароўны свет навагодніх і калядных святаў асвятляе іх жыццёвы шлях.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *