Зорнае неба і квітнеючыя сады Мікалая Страмавуса

У маляўнічым куточку Ляхавіччыны – вёсцы Набярэжная – у доме № 41 па вуліцы Шасейнай жыве надзвычай цікавы і цікаўны, інтэлігентны і неардынарны, неабыякавы і адукаваны чалавек. Знаёмцеся: наш зямляк – былы штурман-інжынер ваенна-паветраных сіл Мікалай Страмавус. Яго жыццё нагадвае неба з безліччу вядомых і яшчэ не адкрытых планет і зорак. Не падлічыць, колькі разоў бачыў лётчык Страмавус зямлю з неба, калі віртуозна кіраваў штурвалам самалёта.
Неба і далёкія зоркі вабілі яго з дзяцінства. Ваганняў у выбары будучай прафесіі не было — ваенны лётчык, і кропка. Пасля заканчэння школы паступіў у Арэнбургскае вышэйшае ваеннае вучылішча штурманаў. Мікалаю і яго аднакурснікам пашчасціла, яны – першыя выпускнікі, якія атрымалі пасля заканчэння навучальнай установы разам з прафесіяй штурмана-інжынера ваенна-паветраных сіл і вышэйшую адукацыю. Першым месцам службы для юнака стала Прыбалтыйская ваенная акруга. Потым былі бясконцыя палёты ў якасці штурмана і шматлікія аэрадромы ў Чарняхоўску, Тарту, Мачулішчах, Кустанаі, Уральскай ваеннай акрузе і многіх іншых месцах, у тым ліку і знакамітым Байкануры, дзе паспяхова прызямляліся ваенныя самалёты, бамбардзіроўшчыкі, звышгукавыя машыны, адным з членаў экіпажа якіх і быў Страмавус.
Ён не спыняўся на дасягнутым і ўдасканальваўся ў прафесіі і адукацыі: з чырвоным дыпломам закончыў ваенна-паветраную акадэмію ў Падмаскоўі. ІЛ-28, ЯК-28, ТУ-22 М2, ТУ-160, ТУ-16 – няпоўны пералік самалётаў, на якіх налятаў многія тысячы кіламетраў , выпрабоў-ваў машыны і ведаў іх, як свае пяць пальцаў. На ўсё жыццё Мікалай Сямёнавіч запомніў, як разам з іншымі членамі дружнага экіпажа ІЛ-28 сустракалі пасля прызямлення касманаўтаў Быкоў-скага і Церашкову.
– Неба – гэта мой лёс, без якога немагчыма было жыццё, менавіта небу аддаваў кожную свабодную хвіліну і ніколі не адчуваў страху вышыні. Дарэчы, ужо з вышыні паўкіламетра чалавека на зямлі не відаць, – расказвае Мікалай Сямёнавіч. А ён паднімаўся ў неба на 18000 метраў…
І вось яно — выпрабаванне лёсу: менавіта неба і стала прычынай трагедыі, пасля якой у 1984 годзе Мікалай Страмавус выйшаў у адстаўку і застаўся ў Баранавічах.
Але і без неба жыццё працягваецца, і Мікалай Сямёнавіч у ім не згубіўся, а знайшоў сваё месца і чарговае прызванне.
Вельмі паспяхова займаўся фатаграфіяй. А якія цудоўныя карціны выпальваў па дрэве! Адзін з пакояў у яго доме падобны на сапраўдны музей, дзе на пачэсным месцы – мадэлі ўсіх самалётаў, на якіх ён калісьці лятаў. Прычым кожная мадэль дакладна паўтарае арыгінал (гэта відавочна нават знешне – зоркі і бартавыя нумары адпавядаюць сапраўдным мадэлям), праўда, у значна меншым маштабе.
– Перш чым змадэляваць, неабходна зрабіць дакладны чарцёж. Лепшы матэрыял для мадэлі – ліпа. Не абысціся і без спецыяльных інструментаў: набору для разьбы па дрэве, скальпеля, спецыяльнага набору для выпальвання, – дзеліцца сакрэтам майстэрства канструктар Страмавус.
Большая частка арыгінальнай калекцыі, зробленай уласнымі рукамі Мікалая Сямёнавіча, знаходзіцца на спецыяльных прыстасаваннях – падстаўках, а, напрыклад, ЛІ-2 – падвешаны. Тут можна праводзіць экскурсіі: ёсць што паказаць і пра што расказаць, асабліва сённяшняму пакаленню юных.
Мадэляванне самалётаў – не адзіны любімы занятак вясковага Кулібіна. Бела-ружовай квеценню і сакавітымі пладамі радуе фруктовы сад, пасаджаны Страмавусам на месцы былой звалкі, якую ён акультурыў уласнымі рукамі. 53 яблыні розных сартоў, грушы, вішні, слівы даюць і яшчэ доўга будуць даваць добры ўраджай і лашчыць вока сваёй шыкоўнай прыгажосцю.
Вось такі ён наш зямляк – стараста вёскі Набярэжная, якому да ўсяго ёсць справа, цікавы, са шматлікімі задумамі і ідэямі чалавек, які ва ўсім бачыць прыгожае і нязведанае і не застаецца абыякавым да праблем іншых. І па-ранейшаму ўглядаецца ў зорнае неба, цяпер ужо ў якасці спецыяліста, які ўласнаручна склаў, напрыклад, табліцу натуральнага асвятлення для горада Ляхавічы – яе мы друкуем з нумара ў нумар на старонках “ЛВ”.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *