У шчасця імёны Сонечка і Санечка

Напэўна, ні адна радасная падзея не можа параўнацца са шчасцем нараджэння новага жыцця. Сёлета за 11 месяцаў на Ляхавіччыне нарадзіліся 235 дзетак: 127 хлопчыкаў і 108 дзяўчынак. Да 97 сямей бусел прыляцеў упершыню. Трэцяе дзіця з’явілася ў 42 сем’ях, чацвёртае – у 12, пятае – у адной з сем’яў райцэнтра. Лічбу 7 заўсёды звязвалі з удачай. Пашанцавала ў гэтым годзе на сёмага члена сям’і толькі адной сям’і.

Сярэдні ўзрост мамаў – 27 гадоў, таты на 2 гады старэйшыя.

Дарэчы, дзве жанчыны адчулі радасць мацярынства не дасягнуўшы 18-гадовага ўзросту, 6 якраз перасягнулі паўналецце, а васьмі мамам – ад 40 да 45 гадоў. Сталі бацькамі і 18-гадовы юнак, і 50-гадовы сталы мужчына.

Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне абнадзейвае. Тым больш, што напрыканцы мінулага года і сёлета ў сем’ях нарадзіліся двайняты. 27 снежня першы юбілей дзетак  адзначылі ў сям’і Андрэя і Кацярыны Снацкіх: Сяргейку і Святланцы споўніўся год.

Больш як месяц назад у маладых бацькоў Сяргея і Кацярыны Сасімаў нарадзіліся першынцы Сонечка і Санечка (на здымку). Па словах Кацярыны, 2013 год прынёс ёй найвялікшае шчасце – шчасце мацярынства. Атрымала галоўны статус свайго жыцця! Пра двайную радасць адразу стаць мамай двух маленькіх цудаў – хлопчыка і дзяўчынкі, нават і не марыла.

– З 20 лістапада жыццё нашай сям’і цалкам залежыць ад дзетак. Мы, можна сказаць, дыхаем імі і дзякуем лёсу за такі падарунак, – гаворыць Кацярына Сасім. – За месяц малыя падраслі больш чым на 3 сантыметры кожны і набіраюць вагу.

Канешне, клопаты і ўвага двайныя, але і радасць – таксама. Вельмі дапамагае муж, падтрымліваюць родныя.

Быць бацькамі і адказна, і прыемна. Мы зноў гуляем у цацкі, чытаем дзіцячыя кнігі. Наперадзе ў нас першыя ўсмешкі, першыя крокі, першыя словы… І ўсё памножанае на два! Малыя адрозніваюцца характарамі: Санечка па-мужчынску спакойны – у тату, Сонечка патрабуе пастаяннай увагі. На момант пакінь – і яна ўжо гучна паведамляе пра сябе. Каця можа расказваць пра дзетак бясконца.

…Прылятай, бусел, на Ляхавіччыну як мага часцей!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *