Дзеці малююць. І перамагаюць

На абласным пленэры юных мастакоў “Малююць дзеці”, прысвечаным 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, які праходзіў у Брэсцкай крэпасці, 9-класнік са Свяціцы Аляксандр Курыловіч быў прызнаны пераможцам і ўзнагароджаны дыпломам І ступені ў старэйшай узроставай групе.
І гэта не першы поспех юнага мастака. Літаральна месяц таму вучні Свяціцкай САШ Аляксандр Курыловіч, Вікторыя Абабурка, Ганна Буйкевіч, Ірына Буйкевіч, Міхаіл Сельмановіч і Юлія Строцкая абаранялі гонар нашага раёна на абласной выставе выяўленчага мастацтва “Брэсцкая крэпасць – сімвал мужнасці”. Усе рабяты былі адзначаны граматамі Брэсцкага ЦМТ, Міша Сельмановіч атрымаў дыплом ІІ ступені, а Саша Курыловіч – дыплом І ступені.
Наогул, юнак – выпускнік аддзялення выяўленчага мастацтва Ляхавіцкай школы мастацтваў – удзельнік шматлікіх конкурсаў і алімпіяд, выстаў, неаднаразова яго работы адзначаліся журы. А летась ён заняў І месца ў раённай алімпіядзе па выяўленчым мастацтве.
Дарэчы, у Свяціцкай САШ зараз наладжана персанальная выстава работ Аляксандра і яго аднакласніка Максіма Курловіча.
Валерый ЗУБАРЫК, дырэктар Свяціцкай САШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *