Злавіць «Хрустальнага жураўля»

Для настаўніка ўдзел у абласным конкурсе – выдатная магчымасць прадэманстраваць у новым фармаце сваё прафесійнае майстэрства. З красавіка па лістапад сёлета праходзіў абласны конкурс “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”, удзел у якім прынялі 180 чалавек з усёй Брэстчыны. За права выйсці ў фінал спаборнічалі 20 педагогаў. У выніку сярод 6 фіналістаў і наш зямляк – настаўнік хіміі СШ №1 Сяргей Аберган, які заняў 4 месца. Падчас узнагароджвання ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі фіналістам былі ўручаны дыпломы і падарункі ад расійскай фірмы “ VOTUM” – інтэрактыўная сістэма ацэнкі якасці ведаў.

Сяргей Уладзіміравіч за паўтара года працы ў Ляхавічах паспеў стаць сваім і сярод калег, і сярод вучняў. Да гэтага выкладаў у Гродзенскай вобласці, дзе 4 гады назад стаў “Настаўнікам года” ў Бераставіцкім раёне. Чым і заслужыў членства ў клубе “Хрустальны журавель”.

Настаўніцкі сакрэт паспяховасці просты – спалучэнне захопленасці сваёй справай з любоўю да дзяцей. Мэтанакіраванаму, актыўнаму і таленавітаму педагогу ўласцівы арыгінальны творчы почырк. Ён па-майстэрску выкарыстоўвае гульнявыя і мультымедыйныя тэхналогіі на кожным уроку, што робіць працэс навучання цікавым і запамінальным.

– Я імкнуся дапамагчы кожнаму вучню зразумець, для чаго яму патрэбна навука хімія, дзе ў паўсядзённым жыцці ён зможа прымяніць атрыманыя веды. Таму зацікаўліваю рабят не толькі разнастайнай, карыснай у практычным дачыненні інфармацыяй, але і формай яе прэзентацыі, – расказвае настаўнік.

Яго педагагічным крэда сталі словы Майкла Фарадэя: “Навука выйграе, калі яе крылы раскаваны фантазіяй”. Кожнаму вучню Сяргей Уладзіміравіч дазваляе быць сабой, не падганяе пад вызначаныя фарматы. І выхаванцы яму адказваюць адпаведнай “хімічнай” рэакцыяй – узаемнай павагай, даверам, шчырай цікавасцю да прадмета.

Ён любіць эксперыментаваць, спрабаваць новае, незвычайнае. Ужо ў студзені “запусціць” на сайце школы дыстанцыйную алімпіяду па хіміі, што дазволіць навучэнцам яшчэ раз паспытаць свае веды і выявіць схільных да загадкавай навукі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дарэчы, Сяргей Аберган не абмяжоўваецца цікавасцю выключна да шчолачаў і кіслот, атамаў і малекулаў, а цудоўна іграе на гітары, любіць падарожжы, вядзе сайт школы, захапляецца тэхнікай. З ім цікава.

Наталля ПЕРЕПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Злавіць «Хрустальнага жураўля»

  • 13/01/2014 в 19:26
    Permalink

    Працавала разам з Сяргеем Уладзіміравічам у Малабераставіцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна. У той час ён быў дырэктарам школы. Таленавіты педагог, справядлівы кіраўнік, сапраўдны псіхолаг чалавечых душ. Жадаю творчых поспехаў!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *