«Пачатак» з працягам

Сапраўды, усё пачынаецца з пачатку. Быў ён і ў аднайменнай народнай эстраднай групы, створанай пры гарадскім Доме культуры, калі ў 1990 годзе дырэктар ГДК Мікалай Ламака сабраў галасістых аматараў песні… А праз 4 гады група атрымала званне “народная”. Пэўны ўклад у станаўленне творчасці калектыву ў свой час унесла Марына Галушка, выпускніца акадэміі музыкі, якая дабівалася індывідуальнасці ў выкананні твораў, навучыла ўпэўнена і прыгожа трымацца на сцэне.

Мусіць, і назву «Пачатак» гэты самадзейны песенны калектыў выбраў таму, што галоўны пропуск сюды – маладосць, талент, гарэнне і любоў да песні. Сёння ў “Пачатку” навучэнкі музычнага каледжа Вольга Столяр і Вікторыя Міхалевіч, выкладчыкі школы мастацтваў Павел Кірмель, які да ўсяго яшчэ і выдатны саксафаніст, і Аляксандра Коктыш, самая малодшая, і дзевяцікласніца СШ № 1 г. Ляхавічы Аніта Трыбух. “Пачатак” стаў працягам творчасці таленавітай сям’і Ламакаў: муж і жонка Максім і Кацярына і малодшы брат Максіма – Мікалай аб’яднаныя і гэтай песеннай групай. У выкананні ”Пачатку” гучаць песні як беларускіх аўтараў, так і кампазітараў блізкага замежжа. Мае група і свой харэаграфічны калектыў з ліку школьнікаў горада, якім кіруе Юлія Бондар.

Маладыя выканаўцы – нязменныя ўдзельнікі раённых святаў, запрашаюцца на фэсты ў Брэст (прымалі удзел у конкурсе эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці”), на свята ўраджаю ездзілі ў Польшчу. У “Пачатку” шмат творчых планаў. Спявай, моладзь, дары радасць людзям!

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *