Дэпутаты наведалі СВК

У мінулы чацвер адбылася сесія раённага Савета дэпутатаў. Яна стала другой па ліку з моманту атрымання дэпутатамі райсавета 26 склікання сваіх мандатаў. Праходзіла ўсё па-дзелавому аператыўна і ў пашыраным складзе: да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны кіраўнікі райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў, кіраўнікі раённых службаў, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, што не з’яўляюцца дэпутатамі, прадстаўнікі праваахоўных органаў, грамадскіх арганізацый.
Дэпутаты абмеркавалі ход работы па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў, работу, што праводзіцца аддзелам унутраных спраў райвыканкама сумесна з органамі мясцовага кіравання і самакіравання па прафілактыцы правапарушэнняў і п’янства ў раёне, стан работы па забеспячэнні пажарнай бяспекі і бяспекі жыццядзейнасці і выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пажарнай бяспецы” на тэрыторыі раёна і г. д.
Выязная частка ў раскладзе сесіі пачалася з наведвання МТФ “Зубелевічы” СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Буйны – на 1140 галоў – аб’ект жывёлагадоўлі. На ім утрымліваецца ў тым ліку і 420 кароў, сярэдняя прадукцыйнасць кожнай з якіх у мінулым го-дзе склала каля 6 тысяч кілаграмаў малака. Зыходзячы з таго, што зараз сярэднясутачныя надоі перавышаюць 18 кілаграмаў, сёлетняя рэчаіснасць можа аказацца больш высокай. Акрамя таго, выйшла МТФ “Зубелевічы” і на новы ўзровень якасці. За 5 месяцаў сёлета каля 15 працэнтаў атрыманага малака прададзена гатункам “экстра”. Па пры-знанні старшыні гаспадаркі Васілія Чубава, экстра-якасць даецца няпроста: “Каля 2 месяцаў “біліся”, каб выйсці на яе. Поўнасцю механізаваны працэс раздачы кармоў, заменена абсталяванне фермы. Дзеля эксперыменту, у аб’ёме месячнай патрэбнасці закупілі мыйныя сродкі германскай вытворчасці. Эфектыўна, аднак, і дорага. Наколькі гэта эканамічна выгадна – пабачым”.
Старшыню дапоўніў начальнік райсельгасхарчу Мікалай Варажун: “Парадак тут заўсёды, у любы час. Палепшаны ўмовы ўтрымання цялят, да мінімуму зведзены падзёж. Адно да аднаго – вось вам і вынік”. Але ж старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук лічыць, што магло б быць і лепш: “Што не дазваляе атрымліваць гатункам “экстра” 20–25 працэнтаў малака?” – прагучала пытанне.
Пасля Зубелевіч пабывалі на МТФ “Гулічы” СВК “Жарабковічы”. Адзін з будынкаў старой малочнатаварнай фермы параўнальна нядаўна быў практычна нанава адбудаваны. Ад старога драўлянага 40-50-х гадоў мінулага веку, лічы, нічога не засталося. Як адзначыў старшыня гаспадаркі Віталій Бусько, рэканструкцыя абышлася дзесьці ў 120 мільёнаў рублёў. Светлае памяшканне ў адрозненне ад іншых гэтай жа МТФ, дзе падобны “прагрэс” адсутнічае, абсталявана малакаправодам. Ніякае не ноу-хау, аднак, значная палёгка цяжкай працы даярак. Чаму іменна “Гулічы” сталі аб’ектам увагі дэпутатаў і запрошаных удзельнікаў сесіі, патлумачыў Дзмітрый Бурдук. На думку старшыні райвыканкама, тут найлепшым чынам бачны кантраст паміж умовамі працы ў старых і новым, пакуль яшчэ не “заселеным”, кароўніку: што было і што ёсць. Умовы працы павінны быць максімальна добрымі. Стан бытавых пакояў, пакояў для прыёму ежы, душавых кабін і іншага ў гэтым сэнсе мае першачарговае значэнне. “Галоўны крытэрый – палепшыць умовы працы”, – рэзюмаваў кіраўнік раённай вертыкалі.
Паводле слоў Віталія Бусько, у гаспадарцы вядзецца будаўніцтва. Як адна з ілюстрацый таго – рэканструкцыя зернесушыльнага комплексу М-819. Спадчына, атрыманая гаспадаркай у выніку аб’яднання з “Падлессем”, – сушылка не эксплуатавалася добрую пяцігодку. Зараз яе функцыянальныя магчымасці аднаўляюцца, здаецца, канцэптуальна і амаль у новым абліччы. Тэмпамі, якія б дазволілі ўжо да сёлетняга жніва выйсці на эксплуатацыйную гатоўнасць.
Рэканструюецца і другая чарга МТФ “Улазавічы”. Адно з памяшканняў адрамантавана ў мінулым годзе, работы над другім ідуць зараз. Ад старога варыянта засталося не шмат. Зараз рэканструюецца другі кароўнік. Па той жа схеме, толькі, па словах Віталія Бусько, яшчэ лепш.
Аднак, як лічыць старшыня райвыканкама, палепшыць важна не толькі памяшканні, але і ажыццявіць пераход на новую – бяспрывязную – тэхналогію ўтрымання жывёлы. Апошняе ў гаспадарцы не прадугледжвалася. Прынамсі, да таго, як аб’ект наведала сесія райсавета дэпутатаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *