Сацыяльны работнік – не проста прафесія, а самае што ні на ёсць прызванне

Наталля Лашук

Для 8 пажылых людзей з вёсак Бажкі, Ураджайная, Карані, Тумашы Наталля Лашук самы жаданы і незаменны чалавек. Яна – сацыяльны работнік. Гэта справа асаблівая, не проста прафесія, а самае што ні на ёсць прызванне: не кожны разам з выкананнем службовых абавязкаў здольны аддаваць шчодрасць сваёй душы іншым. Што з’яўляецца не менш важным і неабходным, чым фізічная дапамога па гаспадарцы. На працягу 12 гадоў Наталля Мікалаеўна працуе сацыяльным работнікам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму па Навасёлкаўскім сельсавеце. Такіх, як яна, у раёне 103.

Іншымі словамі, яны – хуткая дапамога для 570 нашых землякоў, якія па волі лёсу трапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі.

– Наталля Лашук ніколі не лічыцца з уласным часам. Заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, нават калі па графіку не абавязана знаходзіцца на рабоце. Вельмі сціплы і адначасова адказны чалавек. Надзвычай добразычліва ставіцца да сваіх падапечных, імкнецца хутка выканаць іх просьбы і заўсёды знаходзіць хвіліну, каб паразмаўляць, пагаварыць пра жыццё. Для многіх стала па-сапраўднаму блізкім і незаменным чалавекам, – гаворыць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Пішч.

Інвалідам, пенсіянерам, якія ў выніку абставін засталіся адзінокімі на закаце жыцця, штодзённа неабходна дапамога менавіта сацыяльных работнікаў. Такія, здавалася б, простыя рэчы, як падмесці падлогу, вынесці смецце, схадзіць за прадуктамі, у аптэку за лекамі, аплаціць за камунальныя паслугі, для некаторых людзей – непасільная задача. Яе і дапамагаюць выконваць сапраўды важныя для дзяржавы людзі – сацыяльныя работнікі. Міласэрнасць, увага да чужых праблем – вызначальныя іх якасці. Для большасці падапечных сацработнік – адзіная нітачка, якая звязвае іх з жыццём за межамі кватэры.

Наталля Лашук шкадуе тых, каму дапамагае. Магчыма, такімі адносінамі робіць іх фізічны і душэўны боль менш адчувальным і прымушае паверыць, што адзінокі чалавек камусьці патрэбны. Якое вялікае сэрца трэба для гэтага мець…

— Самае галоўнае, чуць і разумець чалавека, якому спяшаешся на дапамогу. Большасць маіх падапечных маларухомыя. Як можна абмежавацца візітам да іх па пэўных гадзінах, калі дапамога патрэбна значна часцей?! Яны шчыра радуюцца кожнаму прыходу. У сваю чаргу, у іх вучышся цярпенню і жыццю, – гаворыць Наталля Лашук.

Сёлета яна па праву прызнана лепшым сацыяльным работнікам Ляхавіччыны. За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм Наталля Лашук адзначана Падзячным пісьмом райвыканкама. Але галоўная ўзнагарода – бясконцая ўдзячнасць яе падапечных. Трэба бачыць, як іх немаладыя твары свецяцца радасцю, калі на парозе з’яўляецца чаканая, як многія ласкава называюць, Наташачка. Гэта і ёсць красамоўны факт на карысць таго, што чалавек адбыўся як прафесіянал.

На шчасце, і дома ў Наталлі, як гаворыцца, усё ў ажуры. Яна – шчаслівая мнагадзетная маці. Разам з мужам у любві і згодзе выхоўваюць чацвярых дзяцей. Старэйшы Павел вучыцца ва ўніверсітэце ў Маскве. Сяргей працуе вадзіцелем на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм (тыдзень таму ажаніўся), Даніла вучыцца ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, а малодшая Алена – шасцікласніца СШ № 1.

— Напэўна, скажу, як і любая мама: мае дзеці самыя лепшыя, яны – мая надзея і дапамога ва ўсім, – Наталля Мікалаеўна пераканана ў гэтым.

Як і дома, так і на рабоце муж і жонка разам. Не здзіўляйцеся, Мікалай Лашук, як і Наталля, таксама сацыяльны работнік. Гэта якраз той выпадак, калі муж пайшоў у прафесію за жонкай. І хоць стаж у яго меншы, але спраўляецца са сваімі абавязкамі добра, яшчэ і жонцы паспявае дапамагчы.

Дарэчы, Наталля актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю: абрана дэпутатам Навасёлкаўскага сельскага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання і старастай адразу трох вёсак – Карані, Дайнякі, Тумашы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *