Сфера деятельности социальной службы связана с интересами человека, семьи, общества

«З дакладным адрасам».

Прафесіяналы сацыяльнай службы: начальнік упраўлення Дзіяна Трысцень (у цэнтры), галоўны спецыяліст Валянціна Равінская, загадчыца сектара занятасці Ірына Пабягайла, загадчыца сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Валянціна Юрлевіч.

Сфера дзейнасці сацыяльнай службы звязана з інтарэсамі чалавека, сям’і, грамадства. Менавіта на яе ўскладзена місія прыходзіць на дапамогу тым, каму патрабуецца асаблівы клопат дзяржавы.

Прызначэнне і выплата сацыяльных пенсій і дапамог, абслугоўванне адзінокіх састарэлых грамадзян, падтрымка маламаёмасных і беспрацоўных – толькі частка задач, якія з дня ў дзень даводзіцца вырашаць 16 супрацоўнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і 26 – тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На сённяшні дзень у Ляхавіцкім раёне пражывае 9066 пенсіянераў, з якіх 47 – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. У раёне распрацавана і выконваецца комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання. Штогод праводзіцца абследаванне ўмоў жыцця састарэлых і нямоглых. Па яго выніках аказваецца дапамога за кошт сродкаў раённага бюджэту (рамонт электраправодкі і пячнога ацяплення, устаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іншае – на ўсё гэта ў 2013 годзе пайшло больш за 120 мільёнаў рублёў).

Што датычыць пенсій, то толькі за снежань мінулага года ў раёне на іх выплату зрасходавана 18,7 мільярда рублёў. У сярэднім памер пенсій складае 2 мільёна рублёў.

Новае развіццё атрымала і дзяржаўная адрасная дапамога для сем’яў і асобных грамадзян, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. У мінулым годзе такі від дапамогі прызначаўся 534 грамадзянам на агульную суму звыш 813 млн. рублёў. 344 пенсіянеры па ўзросце і інваліды атрымалі матэрыяльную дапамогу на суму 106 мільёнаў рублёў.

Для многіх жыхароў райцэнтра і вяскоўцаў сапраўднай палачкай-выручалачкай стала створаная амаль 25 гадоў назад служба надомнага абслугоўвання адзінокіх састарэлых і інвалідаў. Сёння гэта дзяржаўная ўстанова “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.

У нашай краіне выконваецца шэраг мер, накіраваных на падтрымку сям’і. Паспяхова дзейнічае сістэма дзяржаўных дапамог маламаёмасным і мнагадзетным сем’ям. Разам з іншымі выплатамі сацыяльнага характару, разнастайнымі льготамі аказваецца матэрыяльная падтрымка сям’і пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. Толькі за снежань дапамогу па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў атрымалі 146 маці на агульную суму звыш за 281 мільён рублёў, ва ўзросце больш за 3 гады – 16 жанчын на суму звыш за 15 мільёнаў рублёў.

Кожны дзень перад намі ставіць новыя задачы, для вырашэння якіх патрэбны не толькі прафесіяналізм, але і цярпенне, дабрыня, чуласць і міласэрнасць. Усё гэта ўласціва сацыяльным работнікам. Інакш быць не можа.

Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ,

начальнік упраўлення

па працы, занятасці

і сацыяльнай абароне

райвыканкама.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *