Для гаспадароў аднаго з падвор’яў вёскі Нача Ляхавіцкага раёна новы год пачаўся з непрыемнасцяў

Для гаспадароў аднаго з падвор’яў вёскі Нача новы год пачаўся з непрыемнасцяў: у час кармлення кот падрапаў гаспадыню, а назаўтра здох. Пра гэта гаспадар паведаміў у дзяржветслужбу. Ветэрынарныя спецыялісты неадкладна выехалі на месца здарэння і ўстанавілі папярэдні дыягназ: шаленства. Пры вірусалагічным даследаванні паталагічнага матэрыялу ў абласной ветлабараторыі дыягназ пацвердзіўся. На гэтым падвор’і аб’яўлены каранцін. Санітарная і ветэрынарная службы раёна праводзяць адпаведныя мерапрыемствы.

Шаленства – вострае інфекцыйнае захворванне нервовай сістэмы, якое выклікаецца спецыфічным вірусам. Яно з’яўляецца смяротным як для жывёл, так і для людзей. Усюды, дзе ёсць ачагі шаленства жывёл, пад пагрозу заражэння трапляюць і людзі. Часцей за ўсё інфекцыю распаўсюджваюць лісіцы, каты, сабакі. Захворванне перадаецца чалавеку праз укусы, драпіны, асліненне скуры і датыкненне да прадметаў ці адзення, якія забруджаны слінай ашалелай жывёлы.

Спецыялісты дзяржаўнай ветэрынарнай службы раёна нагадваюць жыхарам, што імунізацыі супраць шаленства падлягае ўся жывёла без выключэння.

Іна КУЧЫНСКАЯ,

ветурач-эпізаатолаг райветстанцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *