Ляхавічы: пакупнікам тут рады

Упэўнена, яшчэ доўга ляхавічане з удзячнасцю будуць успамінаць мінулагоднія абласныя дажынкі. І не толькі таму, што гэта было незабыўнае свята, але і таму, што горад сустрэў яго абноўленым, добраўпарадкаваным, з мноствамі адрэканструяваных і такіх неабходных аб’ектаў, у прыватнасці, сацыяльна-культурнага прызначэння. Відавочныя змены і ў гандлёвых кропках райпо.

Неаднойчы, у тым ліку і на старонках “ЛВ”, уздымалася пытанне, калі, нарэшце, пачне працаваць кулінарыя на першым паверсе рэстарана “Ластаўка”? Доўгі час памяшканне пуставала, а, значыць, ягоны каэфіцыент карыснага дзеяння раўняўся нулю: і райпо было без прыбытку, і пакупнікі без тавару. Літаральна напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу кулінарыя са смачнай назвай “Ласунак” гасцінна расчыніла дзверы для наведвальнікаў. У ёй зроблены капітальны рамонт, устаноўлена новае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, мэбля (на ўсё пра ўсё пайшло 150 мільёнаў рублёў – грошы райпо). Тут можна набыць разнастайныя харчовыя тавары, у тым ліку паўфабрыкаты, а таксама свежае і замарожанае мяса: свініну, ялавічыну (усё паступае з мяснога раздзелачнага цэха, які знаходзіцца побач). І амаль адразу з’явілася нямала пастаянных пакупнікоў, якія “затарваюцца” гэтай свежай прадукцыяй менавіта ў “Ласунку”. Тавараабарот у снежні склаў больш як 190 мільёнаў рублёў.

Яшчэ адна адметнасць кулінарыі – тут можна перакусіць, як гаворыцца, з полымя, з жару. Стравы гатуюць у рэстаране і прадаюцца ў кулінарыі з мінімальнай нацэнкай. Можаце за ўтульнымі столікамі паласавацца пірожным, марожаным ці іншымі салодкасцямі.

Ёсць у “Ласунку” яшчэ адна акалічнасць, якая прываблівае пакупнікоў. Цэлая халадзільная вітрына адведзена пад замарожаную вітамінную прадукцыю – ягады, агародніна як паасобку, так і ў выглядзе асарці. Прычым, усё ўласнай – беларускай – вытворчасці. Любіце ласавацца замарожанай малінай ці не ўяўляеце гарбаты без журавін, а суп – без свежазамарожанага перцу – усё гэта купіце тут. Увогуле, з “Ласунка” цяжка выйсці без пакупкі.

Першае ўражанне, якое выклікае ў наведвальнікаў “Ластаўка”: прыгажосць, нібы ў сталіцы. Так, у сталіцы, праўда, дажыначнай. І наконт інтэр’ера, сапраўды, толькі самыя лепшыя водгукі. Усё вытрымана ў адным стылі, аформлена з густам – для таго, каб наведвальнікам было ўтульна.

Па словах намесніка старшыні райпо Віталія Якаўца, на рэканструкцыйна-рамонтныя работы і новае абсталяванне гэтага двухпавярховага будынка пайшло 4,5 мільярда рублёў райпоўскіх грошай. Зусім іншы выгляд набылі і галоўная зала (разлічана на 80 пасадачных месцаў), і банкетная – на 20.

У “Ластаўцы” днём за 30 тысяч рублёў можна заказаць гарачы комплексны абед. А па чацвяргах арганізоўваюцца дні нацыянальных кухняў. Праводзяцца тут вяселлі, юбілеі, карпаратывы і г.д.

Рэстаратары плануюць зрабіць адпачынак кліентаў яшчэ больш разнастайным і цікавым. Віталій Якавец паабяцаў, што тут можна будзе пачуць жывы гук саксафона, скрыпкі, баяна.

Нарэшце, вядомы брэнд спажывецкай кааперацыі – “Родны кут” дайшоў і да нашага райцэнтра. Шыльды з адпаведнай назвай і сімволікай з’явіліся на чатырох гандлёвых аб’ектах горада. Размова ідзе не толькі аб замене назвы: у гандлі важныя як форма, так і змест. Адбыліся пэўныя змены ўнутры памяшканняў, згодна зацверджаных Белкаапсаюзам стандартаў афармлення інтэр’ераў (ва ўсім – абсталяванні, форменным адзенні прадаўцоў будзе валодаць чырвоны колер), тэхналагічным рашэнні гандлёвых працэсаў.

Як патлумачыў намеснік старшыні райпо, да 2015 года паэтапна брэнд “Родны кут” аб’яднае ў адно цэлае ўсе аб’екты гандлю спажыўкааперацыі раёна ў горадзе і ў сельскай мясцовасці. Магчыма, тады, у рэшце рэшт, з’явіцца разнастайны асартымент, у прыватнасці, прадуктаў і ў аддаленых магазінах. Адпаведна павялічыцца тавараабарот. Для параўнання: за месяц у прадмагу №2 па вуліцы Камсамольскай ў райцэнтры, які пакуль не стаў адным з магазінаў ”Роднага кута”, тавараабарот за снежань мінулага года склаў 55,1 мільёна рублёў, а ў папулярнага і запатрабаванага фірменнага ”Вераса” ён у разы большы. Праўда, не зразумела, чаму да гэтага часу не прымае пакупнікоў і крама ”Кааператар”?

Літаральна праз тыдзень любімы ляхавічанамі “Верас” закрыецца на рэканструкцыю. Ужо зараз многіх пакупнікоў гэта акалічнасць ставіць у тупік: дзе будзем набываць прадукты? Як гаворыцца, усе карты ў рукі райпоўскім магазінам. А ці здолеюць яны забяспечыць самыя звычайныя запыты спажыўцоў, пакажа час.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *