Дырэктар і намеснік дырэктара СШ №2 г.Ляхавічы прымалі ўдзел у культурна-пазнавальнай праграме “Адукацыйная сістэма Італіі»

Святлана Якубоўская (справа) і Таццяна Доруш

Дэлегацыя педагогаў Брэстчыны наведала Італію з мэтай абмену адукацыйным вопытам. 40 настаўнікаў, сярод якіх і прадстаўнікі нашага раёна – дырэктар СШ №2 Святлана Якубоўская і яе намеснік Таццяна Доруш, прынялі ўдзел у культурна-пазнавальнай праграме “Адукацыйная сістэма Італіі. Традыцыі і сучаснасць”.

Як расказала Святлана Якубоўская, беларуская дэлегацыя знаёмілася з сістэмай адукацыі Італіі ад пачатковай да старэйшай школы на прыкладзе гарадоў Удзінэ, Ліньяна. Канешне, у беларускай і італьянскай мадэляў навучання адрозненняў нямала. Першая ступень навучання ў Італіі – 5 класаў пачатковай школы. Гэта асобны будынак, дырэктар і настаўнікі. Наступная ступень – 3 класы сярэдняй школы. Трэцяя ступень – старэйшая школа з 5-гадовым навучаннем. Рабяты выбіраюць яе ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі і інтарэсамі. Першыя 2 гады старэйшай школы яны вывучаюць агульна-адукацыйныя прадметы, а наступныя – спецыялізуюцца па пэўным накірунку. Як правіла, выбіраюць працяг сямейнага бізнесу – напрыклад, турыстычную або рэстаранную справу. Гэтыя 3 гады атрымання ведаў можна параўнаць з нашым прафтэхнавучаннем. Такім чынам, пасля 13 гадоў вучобы італьянцы заканчваюць школу з пэўным прафесійным вопытам, гатовыя прыступіць да працы. Пасля школы яны могуць паступаць у ВНУ па той самай спецыяльнасці, якую вывучалі ў старэйшых класах. Перакваліфікавацца можна, але працэдура звязана з пэўнымі цяжкасцямі.

Параўнаўшы італьянскую сістэму школьнага навучання з беларускай, Святлана Якубоўская адзначыла для сябе шмат пераваг і плюсаў нашай. У нас, з аднаго боку, больш беражлівыя адносіны да асобы дзіцяці, з другога – больш строгія і патрабавальныя. Гэта тычыцца і знешняга выгляду рабят, і дысцыпліны, і навучання з выхаваннем. Каб палегчыць адаптацыю дзяцей да сярэдніх класаў, у нас адпрацавана сістэма пераемнасці паміж звеннямі. Настаўнік знаёміцца са сваімі падапечнымі загадзя, назірае за імі на ўроках яшчэ ў пачатковых класах. У італьянскай школе наогул няма такой пасады як настаўнік пачатковых класаў. Кожны прадмет вядзе асобны настаўнік.

Адсутнічаюць у ёй папяровы журнал і дзённік. Адзнаку настаўнік уносіць у камп’ютар у адзіную сістэму электроннага журнала. Прычым, ён не можа ні змяніць, ні даставіць адзнаку пасля ўрока. Не валодае правам карэкцыі адзнакі і адміністрацыя. Бацькі, адкрыўшы старонку свайго дзіцяці, могуць праглядзець яго паспяховасць, прачытаць пажаданні настаўніка, калі такія ёсць. Наогул, італьянскія настаўнікі вялікую ролю надаюць інфармацыйным тэхналогіям, спалучаючы на ўроку работу з падручнікам, камп’ютарам ці планшэтам.

Як і ў нас, праводзяцца бацькоўскія сходы. Але перавага аддаецца індывідуальнай форме стасункаў, якія лічацца больш карыснымі і выніковымі.

Заслугоўвае ўвагі, па словах педагога, вопыт італьянцаў у эстэтычным і духоўным выхаванні школьнікаў. Напрыклад, музыку вывучаюць з пачатковага звяна па старэйшае, асвойваюць ігру на музычным інструменце.

Вельмі важны школьны прадмет у Італіі – рэлігіязнаўства. Знаёмства з ім пачынаецца з пачатковай школы.

Што адметна, акрамя класічнай італьянскай мовы, вывучаецца яшчэ яе дыялект. Плюс па выбары дзве замежныя (часцей нямецкая і англійская). Ацэньваюцца веды вучняў па 10-бальнай сістэме.

Школы звычайна трохпавярховыя. Першыя два паверхі займаюць вучэбныя кабінеты, трэці прызначаны для заняткаў па развіцці творчых здольнасцей. На кожным паверсе дзяжурыць чалавек, які адказвае за жыццё і здароўе школьнікаў.

У старэйшай школе дзейнічае прапускная сістэма, адзначае Святлана Якубоўская. У кожнага вучня маецца картка, якая з дапамогай устройства, што нагадвае наш банкамат, фіксуе ўваход у школу. Калі за некалькі мінут да заняткаў навучэнец не зарэгістраваўся, бацькам прыходзіць SМS. І ўжо яны абавязаны высветліць прычыну яго адсутнасці ў школе.

Таццяна Доруш расказала, што ёй як намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце спадабаўся акцэнт, зроблены ў італьянскай адукацыйнай сістэме на адказнасць бацькоў за паводзіны сваіх дзяцей. Менавіта бацькі тэлефануюць, звязваюцца праз інтэрнэт з настаўнікам, калі ў іх узнікаюць праблемы ці неабходна дапамога, папярэдне (з-за прапускной сістэмы) дамаўляюцца аб сустрэчы. І такая цесная сувязь прыносіць свой плён – адсутнічаюць паняцце “праблемная сям’я”, пасада сацыяльнага педагога. Адзначыла Таццяна Доруш і адзіную форму навучэнцаў.

Па словах Святланы Якубоўскай, жыхары Апенін сустракалі беларускую дэлегацыю шчыра і ветліва. Італьянцы добразычлівыя, адкрытыя для супрацоўніцтва людзі. Архітэктура Італіі здзіўляе, уражвае, натхняе. Унікальная Венецыя, якая стаіць на вадзе, – горад, дзе няма аўтамабіляў і веласіпедыстаў.

– Мы два народы, якія адрозніваюцца мовай, традыцыямі, гісторыяй. Але аб’ядноўвае нас любоў да дзяцей, імкненне іх навучаць і выхоўваць у лепшых традыцыях, – гаворыць Святлана Канстанцінаўна.

Італьянскія педагогі маюць намер пабываць у Беларусі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *