Трамплін, ці Гандлёвая прапанова

Ім шматразова цяжэй зрабіць тое, што для большасці з нас не ўяўляе складанасці. Гаворка пра інвалідаў, каму даводзіцца быць па-асабліваму моцнымі, мужнымі і цярплівымі. Гэтыя словы не проста эпітэты, у іх сутнасць характару і штодзённага раскладу чалавека ў інваліднай калясцы, ці невідушчага, ці на мыліцах, ці…

Стварэнне безбар’ернага асяроддзя вельмі дапаможа нашым землякам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У гарадах выходзіць на лінію транспарт з прыстасаваннем для заезду ў яго інвалідаў. У Брэсце курсіруе па выкліку спецыяльнае таксі. Прывычная ўжо карціна: побач з прыступкамі ў магазіны, кінатэатры, установы трывала “прапісаліся” пандусы.

Даўно пара ўсім нам павярнуцца тварам да праблем, вырашэнню якіх пасадзейнічае міласэрнасць і разуменне. Нашы Ляхавічы ў гэтым сэнсе не выключэнне. Усё, што будавалася-аднаўлялася апошнім часам, прадугледжвала і гэты далікатны аспект. Толькі, на жаль, не ўсюды форма і змест супалі. Цяжка зразумець, што думалі будаўнікі, калі ўзводзілі пандус ля ўваходу ў магазін “Дом гандлю” (ён жа “Родны кут”), які знаходзіцца пад адным дахам з піцэрыяй, і пра каго клапаціліся кіраўнікі райпо, калі прымалі “прадукт будаўнічых намаганняў” да эксплуатацыі? Адназначна, не пра людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Трамплін, які атрымаўся замест пандуса (прычым, без поручня), не па сілах адолець і здароваму. Такая вось “гандлёвая прапанова”…

Пытанне застаецца адкрытым, а ўваход-уезд у магазін для інваліда – адпаведна, закрытым. Фармалізм ніколі не быў на карысць грамадства. А такі фармалізм, які набыў форму пандуса-трампліна, ёсць канцэнтрацыя раўнадушша, абыякавасці і бязладнасці. Мяркую, што разам з рэдакцыяй адказ на гэту публікацыю будуць чакаць і той чалавек, якога вы бачыце на здымку, і многія іншыя.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *