У цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Ляхавічы – дзень нараджэння.

Яму споўнілася 10 гадоў. Многа гэта ці мала? З пункту гледжання добрых спраў, слушнай дапамогі атрымліваецца вельмі салідны багаж.

Педагогі Ірына Юрлевіч і Святлана Тумарава з выхаванцамі

У вокнах цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, што прапісаўся ў Ляхавічах па вул. Дзесюкевіча, 25, на працягу дзесяці гадоў штодзённа свеціць сонейка, нават калі на вуліцы пахмурна і дажджліва. Яго супрацоўнікі расквечваюць свет сваіх выхаванцаў у рознакаляроўе, даюць магчымасць адчуць шчасце жыцця, сяброўства і радасць перамогі над сваімі праблемамі.

Адлік дзейнасці ЦКРНіР пачаўся 12 студзеня 2004 года. На той момант калектыў складаўся з трох чалавек: дырэктара, яго намесніка і педагога-псіхолага. Праз пару дзён да іх далучыліся і настаўнікі-дэфектолагі. З пачатку заснавання ўстановы яе кіраўніком была і застаецца Наталля Маслоўская. Нераўнадушны і неабыякавы чалавек, яна з такімі ж энтузіястамі – калегамі, валанцёрамі, сябрамі – заўзята ўзялася за справу ўпарадкавання цэнтра: займаліся зборкай мэблі, рабілі рамонт, рыхтавалі абсталяванне, вывучалі літаратуру і чакалі першых падапечных.

23 супрацоўнікі (а гэта, акрамя адміністрацыі і педагогаў, медыцынскі і абслуговы персанал) аб’яднаны адной мэтай – дапамога дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця шляхам стварэння развіваючай, адаптыўнай безбар’ернай прасторы, павышэння якасці іх жыцця і адукацыі.

Дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская і яе калегі

Выхаванцы цэнтра сталі часткай жыцця педагогаў. 7 выпускнікоў і сёння не парываюць сувязі з імі. Аднак дзейнасць установы не абмяжоўваецца толькі карэкцыйнай работай. Персанал аказвае метадычную дапамогу спецыялістам школ і дзіцячых садоў раёна, якія працуюць з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з асаблівасцямі развіцця, дапамагаюць у вызначэнні жыццёвага шляху, іх далейшай сацыялізацыі. У гэтым годзе ў ЦКРНіР навучаюцца і атрымліваюць індывідуальна-карэкцыйную дапамогу 78 дзетак, 13 з іх маюць цяжкія множныя парушэнні псіхафізічнага развіцця.

– У свой юбілей мы можам гаварыць пра пэўныя напрацоўкі і дасягненні. Для рабят створана атмасфера псіхалагічнага камфорту, развіцця і творчасці, арганізавана група ранняй карэкцыйнай дапамогі ад нараджэння да 3-х гадоў, дашкольная група, клас, у якім праводзяцца вучэбныя заняткі, – расказвае Наталля Маслоўская.

Выпадковых людзей у калектыве няма. Дзякуючы прафесіяналізму, душэўным якасцям, такту, цярпенню, цеснаму супрацоўніцтву з бацькамі, дасягаецца, здаецца, немагчымае. Дзеці робяць першыя крокі, спяваюць, чытаюць вершы, працягваюць навучанне сярод школьнікаў, займаюцца справамі па інтарэсах.

Падчас калядных сустрэч з свяшчэннаслужыцелямі.

Спецыялісты цэнтра пастаянна самаўдасканальваюцца і павышаюць педагагічнае майстэрства. Вучацца, удзельнічаюць у семінарах, конкурсах, абменьваюцца вопытам, перамагаюць, прымаюць у сваіх сценах дэлегацыі, у тым ліку замежныя. І ўсе госці адзначаюць дамашнюю ўтульнасць і цеплыню, якая пануе ва ўстанове. У гэтым вялікая заслуга дырэктара Наталлі Маслоўскай, яе намесніка Таццяны Місюк, іх калег. Настаўнікі-дэфектолагі Наталля Кудзялевіч і Наталля Русіна дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам выправіць дэфекты маўлення, развіваюць іх мову. Педагог-псіхолаг Алена Кубіцель знаходзіць “ключыкі” разумення з дзецьмі і бацькамі, вырашае складаныя псіхалагічныя праблемы. Сапраўдны прафесіянал – настаўнік класа Наталля Дылеўская заўсёды шчыра, як за родных, перажывае за вучняў.

Вельмі чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі ранішнікі і святы. Адзначаюць іх тут весела і з душой. Сацыяльны педагог Вольга Чарняк – галоўны сцэнарыст цэнтра, стараецца так абыграць кожнае мерапрыемства, каб удзельнікам яно запомнілася. Ужо вядомы ляхавічанам дабрачынны марафон “Калядны падарунак”, за актыўны ўдзел у якім “цэнтраўцы” вельмі ўдзячны нашым землякам. З блінамі і іншымі традыцыйнымі атрыбутамі ярка святкуюць Масленіцу. Шматлікія экскурсіі па Беларусі, паездкі на прыроду, сустрэчы, выставы – частка жыцця ЦКРНіР. Цікава і відовішчна каторы год праходзяць падчас летняй аздараўленчай змены міжрэгіянальныя малыя алімпійскія гульні. У іх удзельнічаюць рабяты і з іншых раённых цэнтраў карэкцыі. Як патрэбны для дзяцінства такія падзеі!

– Задумак і мараў у нас шмат. Хочацца, каб нашы выхаванцы змаглі адпачываць у “Чайцы”, каб стала больш неабходных для індывідуальных заняткаў памяшканняў, каб з’явіўся дыягнастычны кабінет з сучасным інструментарыем для правільнага вызначэння адукацыйнага маршруту рабят… Мы не замыкаемся адзін на адзін са сваімі праблемамі. Цесна супрацоўнічаем са спецыялістамі цэнтральнай раённай бальніцы, аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў, царквой, міліцыяй і іншымі арганізацыямі. ЦКРНіР не адбыўся б без дапамогі і ўвагі райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, – дзеліцца Наталля Лявонцьеўна.

Чым раней пачаць правільна і кваліфікавана займацца з малымі, тым хутчэй можна зменшыць наступствы абмежаванняў у іх развіцці. Таму галоўная задача цэнтра – ранняе выяўленне дзяцей з асаблівасцямі развіцця і своечасовая дапамога ім. Для сем’яў, якія выхоўваюць такіх дзетак, на базе ЦКРНіР працуе бацькоўскі клуб. Не госці, а памочнікі – валанцёры клуба ЮНЕСКА “Заранка”. Яны ўмеюць не толькі суперажываць, але быць тут і разам з выхаванцамі ўстановы.

Многія, хто пабываў на Дзесюкевіча, 25, пачынаюць разумець, што шчасце складаецца з простых цудоўных рэчаў, якіх да гэтага не заўважалі.

– Мы радуемся, калі ў нашых дзяцей свецяцца вочы, калі яны дабіваюцца поспехаў у дарослым жыцці, калі бачым вынікі нашай працы. Калі мы разам – у нас усё атрымліваецца, – адзначае Наталля Маслоўская.

І ўжо як дэвіз гучыць: рабіць дабро – так проста!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *