Лета. Едзем за мяжу?

З ранняй вясны ў 11-гадовага Максіма толькі і былі размовы пра летнюю паездку на адпачынак у незнаёмую Турцыю разам з мамай і бабуляй. Набываліся разнастайныя рэчы, такія неабходныя летам, планаў і задумак было шмат. Але неспадзявана паездка сарвалася: бацька Максіма (ён ужо 5 гадоў не жыў з сям’ёй пасля скасавання шлюбу) не даў дазвол на вываз сына за межы Беларусі. Не трэба гаварыць, якім засмучаным і расхваляваным быў хлопчык…
Гэта рэальная сітуацыя адбылася мінулым летам, і яна, на жаль, не адзінкавая такога кшталту, калі адзін з бацькоў рабіў перашкоды для вывазу свайго непаўналетняга дзіцяці на аздараўленне, адпачынак ці экскурсію ў краіны далёкага замежжа. Згодна заканадаўства, непаўналетнім грамадзянам забаранялася выязджаць за межы краіны, калі не была атрымана пісьмовая згода і маці, і бацькі – нават у тым выпадку, калі яны знаходзяцца ў разводзе. Гэта выклікала нямала праблем. Здаралася, што маці аб’яўляла ў вышук былога мужа, каб атрымаць дазвол на выезд дзіцяці. Штогод пагранічнікі з-за праблем з дакументамі не прапускалі ў іншыя краіны 2-2,5 тысячы непаўналетніх беларусаў.
Сёлета з 30 сакавіка ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”. У новым законе адзначана, што “грамадзяне, не дасягнуўшыя 18 гадоў, могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваіх дакументах у суправаджэнні абодвух законных прадстаўнікоў ці аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні супрацоўніку органа мытнай службы дакумента, пацвярджаючага статус законнага прадстаўніка непаўналетняга”.
Закон спрасціў працэдуру дазволу, калі бацькі канфліктуюць. Бацька ці маці па-ранейшаму змогуць перашкаджаць выезду дзіцяці з другім дарослым, але для гэтага яны павінны ў судзе даказаць, што ёсць абгрунтаваныя падставы для адмовы. Калі адзін з бацькоў супраць выезду дзіцяці за межы Беларусі, то мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку зносін з непаўналетнім. Звесткі аб “спрэчным” дзіцяці трапляюць у спіс грамадзян, якім часова забаронены выезд за мяжу. Для непаўналетніх зараз ствараецца асобны банк даных. Такія дзеці не пакінуць Беларусь да таго часу, пакуль бацькі не дамовяцца ці суд не ўстановіць парадак выезду. У першую чаргу суды будуць улічваць інтарэсы непасрэдна дзяцей, а забараніць выезд па хадайніцтву аднаго з бацькоў стане магчымым, калі ісцец зможа даказаць, што паездка небяспечная для жыцця ці здароўя дзіцяці.
Непаўналетнія могуць выязджаць з Беларусі для аздараўлення ў складзе спецыяльна арганізаваных груп дзяцей, па сваіх дакументах у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў ці без іх суправаджэння, але з пісьмовага дазволу аднаго з бацькоў.
Увогуле, грамадзяне могуць выязджаць з нашай краіны і ўязджаць у Беларусь па наступных дакументах: пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, дыпламатычны і службовы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, нацыянальнае пасведчанне асобы марака Рэспублікі Беларусь. Аднаразовы ўезд у Беларусь можа ажыццяўляцца па пасведчанні на вяртанне ў нашу краіну.
Віктар ЧАРНЯК, начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *