У СВК «Ліпнянка» Ляхавіцкага раёна новы старшыня

Першымі справаздачна-выбарны сход правялі працаўнікі СВК «Ліпнянка»

Ракіроўка на пасадзе кіраўніка СВК ”Ліпнянка” адбылася ў мінулую суботу ў ходзе чарговага штогадовага агульнага сходу членаў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва. Са справаздачнага, якім у адпаведнасці з нарматыўным графікам быць павінен, сход прыняў статус справаздачна-выбарнага. Прычынай паслужыла пададзеная Уладзімірам Варвашэвічам заява аб вызваленні яго з пасады старшыні праўлення.

Як прагучала са справаздачнай трыбуны, за гады, што папярэднічалі моманту, мелі месца і здабыткі. Але аб упушчэннях у рабоце СВК “Ліпнянка” гаварылася нашмат больш: у канкрэтных прыкладах, з высновамі і выкарыстаннем параўнальнай статыстыкі. Калі, для прыкладу, супрацьпаставіць два апошнія гады, то паказчыкі гаспадарання “Ліпнянкі” атрымліваюцца зусім не на карысць 2013-га. Нават, з папраўкай на вядомыя кліматычныя асаблівасці апошняга. Напрыклад, зерня ў вазе пасля дапрацоўкі не сабрана і палавіны ад таго, што мелі ў 2012-м. У “мінус” пайшлі паказчыкі вытворчасці насення рапсу, нарыхтоўкі травяністых кармоў у разліку на ўмоўную галаву жывёлы. Па стане на пачатак бягучага года колькасць буйной рагатай жывёлы зменшылася на 200 галоў. Недалічыліся, у тым ліку, 29 кароў. Не алагізм, што абмялелі і малочныя ручаі і рака: вал упаў прыкладна на 7 працэнтаў, удойнасць – на 110 кілаграмаў. Адсюль і заробкі, сярэдні памер якіх за перыяд са студзеня па лістапад мінулага года склаў па СВК нямногім больш за 2 мільёна рублёў. Гэта самая сціплая сярод сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны лічба.

“Так, як вы жылі, жыць нельга! — выступаючы перад удзельнікамі сходу катэгарычна выказаўся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. – Ад таго легендарнага “Шляху Ільіча” засталося нямнога”. Усе гадавыя паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці СВК “Ліпнянка” кіраўнік раёна ахарактарызаваў як правальныя. Землі ў гаспадарцы не самыя лепшыя, але, напрыклад, травы не скошаны, на фоне таго, што “кармавы стол” жадае быць многа больш багатым. І ва ўсім тым негатыве, па словах кіраўніка раёна, віна не адзіна толькі старшыні кааператыва: ”Дзе каманда? Многія гатовы працаваць, але патрэбен сумесны рух. Дзе аграномы, ветэрынары, заатэхнікі?”. Ды і, па меркаванні Вячаслава Сельмановіча, частку віны за незайздроснасць “ліпскай” сітуацыі можна аднесці і на раённую ўладу.

У бліжэйшы час, як прагучала, у сельскай гаспадарцы чакаюцца кардынальныя змены. Сутнасць – у прадастаўленні працаўнікам вёскі большай самастойнасці, у тым ліку і ў прыняцці рашэнняў адносна гаспадарча-вытворчай дзейнасці. Варта не забывацца пры гэтым: больш самастойнасці – больш адказнасці за прынятае рашэнне.

З улікам характарыстык ліпска-свяціцкіх зямель мяркуецца сканцэнтраваць СВК “Ліпнянка” на вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Нізкабальныя і вельмі часта нізкія ў прамым сэнсе, яны, мякка кажучы, не спрыяюць вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Пшаніцы, напрыклад, патрэбна іншая “геалогія”. А вось для траў ліпскае і свяціцкае наваколле – тое, што трэба. А дзе травы, там кармы, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца платформай і асновай для развіцця жывёлагадоўлі. Няхітры, але дзейсны вытворча-эканамічны прынцып.

Рэалізоўваць жа яго ў “Ліпнянцы” будзе ўжо новы кіраўнік. Дружна прагаласаваўшы за вызваленне з пасады Уладзіміра Варвашэвіча, члены сельгаскааператыва гэтак жа адзінагалосна старшынёй “Ліпнянкі” абралі Святлану Курэц. Прадстаўляючы Святлану Пятроўну сходу, якая да гэтага ўзначальвала Крывошынскі сельвыканкам, Вячаслаў Сельмановіч ахарактарызаваў яе як, нягледзячы на малады ўзрост, чалавека вопытнага, прамога, прынцыповага. Пажадаў поспехаў на новым месцы працы, стабілізаваць сітуацыю і пачаць рух гаспадаркі наперад.

Новы старшыня падзякавала за давер, выказала спадзяванне на далейшую падтрымку.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *