19 студзеня выратавальнікі Ляхавіччыны адзначаюць прафесійнае свята

Генадзій Лукашэвіч, Руслан Наўгародскі і Віталій Жук.

19 студзеня агняборцы краіны адзначаюць Дзень выратавальніка і 15-годдзе з дня ўтварэння органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

За плячамі ляхавіцкіх выратавальнікаў яшчэ адзін год баявой службы. Яны сталі больш вопытнымі і майстравітымі. Сёння Ляхавіцкі РАНС – гэта сучасная, адладжаная сістэма аператыўнага рэагавання, якая пастаянна знаходзіцца ў рэжыме баявой гатоўнасці і на высокім узроўні вырашае пытанні папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. На ўзбраенні падраздзяленняў аддзела знаходзяцца сучасныя сродкі тушэння пажараў, гідраўлічнае абсталяванне, прыстасаванні для выратавання людзей з вышыні. Для работы асабовага складу ў шкодным асяроддзі выкарыстоўваюцца новыя дыхальныя апараты са сціснутым паветрам.

Насычаны на падзеі мінулы год быў, як і заўсёды, нялёгкі. 98 выездаў на пажары і ўзгаранні. Эвакуацыя людзей, ліквідацыя наступстваў ДТЗ, дапамога “палоннікам” зімовага цыклону “Хавер” – тройчы ў рэжыме павышанай баявой гатоўнасці функцыянавала раённае звяно дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, адказнае за падрыхтоўку насельніцтва да дзеянняў падчас НС.

Жыццё не раз правярала выратавальнікаў на трываласць. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму, адданасці справе, яны пацвярджаюць сваю вартасць. Імёны такіх адважных байцоў, як Вадзім Царык, Генадзій Лукашэвіч, Віталій Жук, Руслан Наўгародскі, Аляксандр Кандрасюк, увайшлі ў гісторыю РАНС – на іх ліку 3 выратаваныя чалавечыя жыцці.

Начальнік ПАВП-12 Аляксандр Кандрасюк (на пярэднім плане) і вадзіцель Дзмітрый Кірмель.

Нялёгка прыйшлося не толькі службе. Складаная задача стаяла і перад маладым перспектыўным калектывам інспекцыі дзяржпажнагляду, адказнай за правядзенне пажарна-прафілактычнай работы ў жыллёвым фондзе і на вытворчых аб’ектах. У 2013 годзе праверана больш за 5 тысяч домаўладанняў. Найбольш пільная ўвага надавалася адзінокім людзям, шматдзетным і неўладкаваным сем’ям. А яшчэ на рахунку інспектараў – маніторынгі стану пажарнай бяспекі, праверкі суб’ектаў гаспадарання, іншыя адказныя справы.

Работнікі РАНС з’яўляюцца частымі гасцямі ва ўстановах адукацыі, у працоўных калектывах, на сельскіх сходах. У мінулым годзе праведзены шэраг тэматычных выступленняў, прафілактычных акцый, конкурсаў, алімпіяд, віктарын. Адным словам, шмат зроблена для прапаганды бяспекі жыццядзейнасці сярод насельніцтва. Пра гэта сведчыць і леташняе зніжэнне колькасці пажараў і загінуўшых на іх.

Вось так ладзіцца справа ў руках адной вялікай дружнай сям’і: штатная колькасць работнікаў РАНС 63 чалавекі. Не паасобку — а разам, не дзеля сябе — а на карысць агульнай справы. Такі прафесійны дэвіз ляхавіцкіх выратавальнікаў. Кожны дзень, кожную хвіліну ў мірны час яны праяўляюць гераізм. Ліквідацыя пажараў, выратаванне людзей, барацьба з наступствамі прыродных катаклізмаў – далёка не поўны пералік нашых паўсядзённых клопатаў. Ды і ці клопаты гэта? Хутчэй, лад жыцця – рызыкоўнага і цікавага.

Напярэдадні свята ўсім выра-тавальнікам хочацца пажадаць бадзёрасці духу, вытрымкі, веры ў сябе. А яшчэ – моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, душэўнага цяпла.

Валерый РАВІНСКІ,

начальнік РАНС.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *