В Ляховичах подведены итоги районного конкурса на лучшее новогоднее оформление

«Хіт-парад непаўторнасці»

Глядзіш на яркае, святочнае ўпрыгожанне райцэнтра і хочацца, каб час прыпыніў свой бег. Навагодняя ілюмінацыя дорыць добры настрой і падкрэслівае абноўленасць горада. Асаблівы шарм у светлавой рознакаляровасці набыла плошча Леніна. Зазыўна міргаюць гірлянды на галоўнай ёлцы, бліскучыя расцяжкі вітаюць аўтамабілістаў і пешаходаў, фасады дамоў, магазінаў, адміністрацыйных будынкаў і прадпрыемстваў акрэслены агеньчыкамі падсветкі. Усё гэта хараство па традыцыі ствараецца напярэдадні казачных зімовых святаў і ацэньваецца не толькі жыхарамі і гасцямі горада, але і спецыяльнай камісіяй па правядзенні раённага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне сярод арганізацый усіх формаў уласнасці.

Вынікі творчасці і фантазіі падведзены. Ацэньвалася, у першую чаргу, арыгінальнасць і навізна аздаблення, эстэтычнасць і наяўнасць сюжэта, мастацкасць, выкарыстанне светлавога афармлення і тэхнічных сродкаў. Хіт-парад непаўторнасці ўпрыгожання сярод прадпрыемстваў не першы год узначальвае СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Перамога яму прысуджана аднагалосна. Другое месца ў прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Замыкае тройку лідараў “Трансэлектракамплект”. Сярод бюджэтных арганізацый першае месца падзялілі паміж сабой гімназія і дзіцячая школа мастацтваў. Другое месца ў райбальніцы. Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі райвыканкама і прызамі.

Камісія адзначыла творчыя знаходкі ва ўпрыгожанні гасцініцы, будынкаў цэха прыроднага і звадкаванага газу, райпо, ДРСУ-200, вучэбна-вытворчага камбіната.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Богната, банальна, без творчасці падрыхтаваліся да конкурсу ПМК-13, ПМК-17, лясгас, райаграсэрвіс. Не актыўнічалі і прадпрымальнікі. Праігнаравалі агляд-конкурс камбінат бытавога абслугоўвання, ільнонасенстанцыя, РКЦ № 3 у г. Ляхавічы Белаграпрамбанка, чыгуначная станцыя.

Сімвала 2014 года – каня, ды яшчэ ”вытканага” з мноства бліскучых лямпачак, ніхто з канкурсантаў не падарыў землякам. Будзем чакаць светлавыя сюрпрызы праз год.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Гасцініца

“Трансэлектракамплект”

Гімназія

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *