Высокі ўраджай гарантаваны, калі ўнесены мінеральныя удабрэнні

Высокі ўраджай гарантаваны, калі на кожны гектар ворыва ўнесена па 268 кілаграмаў мінеральных і 10,4 тоны арганічных удабрэнняў.

Руплівы гаспадар, сабраўшы ўраджай, паклоніцца зямліцы за дары і зноў арэ, барануе, абавязкова падсілкоўвае будучую ніву арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі. Большасць гаспадарак раёна імкнецца выконваць гэтую, можна сказаць, адну з запаведзяў высокага ўраджаю. Напрыклад, СВК “Ляхавіцкі” на гектар ворыва пад зерневыя ўнёс летась 411 кілаграмаў мінеральных удабрэнняў у дзеючым рэчыве і 16,8 тоны арганікі. Згодна папярэдніх разлікаў гаспадарка меркавала атрымаць 47,5 цэнтнера з гектара зерневых. Высокая культура земляробства, выдатнае насенне, своечасова праведзеныя агратэхнічныя мерапрыемствы – і з кожнага гектара сабрана па 56,7 цэнтнера збожжа (без уліку кукурузы). Узровень выкарыстання ўрадлівасці зямель склаў 120 працэнтаў! Клапоцяцца пра ўрадлівасць хлебнай нівы ў СВК “Жарабковічы”, ”Шлях новы” і маюць адпаведную аддачу ўрадлівасці зямлі.

Як зазначыў вядучы аграхімік абласной станцыі хімізацыі па Ляхавіцкім раёне Віктар Алейнік, каб зямля працавала з найбольшай аддачай, у нашых умовах на кожны гектар трэба ўнесці 268 кілаграмаў мінеральных удабрэнняў у дзеючым рэчыве. Аднак, на жаль, не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах улічваецца, што запраўка глебы арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі ў неабходнай колькасці стабільна працуе на ўраджай. Напрыклад, летась у СВК “Тальмінавічы” на гектар ворыва ўнеслі мізэр мінеральных тукаў, як і ў СВК “Ліпнянка”. Адна з прычын — адсутнасць грошай на пакупку, таму ў гэтых сельгаспрадпрыемствах – толькі ўдабрэнні, набытыя за бюджэтныя сродкі (такая падтрымка аказваецца штогод). Але і яны спаўна не выкарыстоўваюцца. У СВК “Тальмінавічы” засталіся з мінулага года, прычынай называюць няхватку людзей і тэхнікі… У гаспадарцы значацца ў наяўнасці 2 агрэгаты для ўнясення тукаў, аднак яны няспраўныя. Мала таго, мінеральныя ўдабрэнні тут, можна сказаць, выкінулі: склад рэканструявалі пад жывёлагадоўчае памяшканне, а тукі вывезлі да мехмайстэрняў, кінулі пад навес, змяшалі… Другая частка ўдабрэнняў прападае яшчэ пад адным навесам у Куршынавічах. Па сутнасці, гаспадарка бязмэтна патраціла бюджэтныя грошы.

Не распарадзіліся па-гаспадарску мінеральнымі ўдабрэннямі і ў СВК “Ліпнянка”. Яны не ўнесены пад ураджай мінулага года і складаваны. І зноў няўдала: падцякае вада і суперфасфат ужо размок. Праблема захоўвання мінеральных удабрэнняў існуе і ў СВК “Шлях новы”, але тут яна хутка будзе вырашана. Да таго ж, у гэтай гаспадарцы запраўка глебы арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі робіцца пад патрэбнасць.

Як паведаміла агранамічная служба райсельгасхарчу, гэтай парой амаль усе сельгаспрадпрыемствы нарыхтоўваюць і вывозяць на палі арганіку. Для таго, каб кожны гектар ворыва працаваў з найбольшай аддачай, сёлета запланавана да поўнай запраўкі мінеральнымі ўдабрэннямі дадаць яшчэ па 10,4 тоны арганікі. Па сцвярджэнні галоўнага агранома райсельгасхарчу Мікалая Каплынова, задача будзе выканана. Праўда, з агаворкай: наўрад ці і сёлета забяспечаць урадлівасць гектара ў СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, дзе сітуацыя не змянілася — няма тэхнікі, паліва, людзей.

Вядучы аграхімік абласной станцыі хімізацыі прыводзіць прыклады акупнасці ўнесеных тукаў:

— Вось некаторыя лічбы, якія датычаць ураджайнасці рапсу, — зазначае Віктар Алейнік. — Самая большая аддача аднаго гектара ў “БелДане”: унеслі 90 кілаграмаў азоту і 10 тон арганікі, ураджайнасць атрымалі 25,8 цэнтнера зерня з гектара, або 6,7 кілаграма зерня ад выкарыстанага 1 кілаграма ўдабрэнняў. У СВК “Канюхі” 1 кілаграм удабрэнняў пад рапс акупіўся 6,2 кілаграмамі рапсу, на “БелДане” — 6,7. Побач з “БелДанам” знаходзяцца землі СВК “Востраў-Агра”, дзе асабліва не клапаціліся пра запраўку глебы. У выніку ўраджайнасць рапсу ў гэтай гаспадарцы склала 15,7 цэнтнера з гектара (на 10 цэнтнераў менш белданаўскай).

Што датычыць найбольшай акупнасці кілаграма ўдабрэнняў на хлебнай ніве, то лідзіруюць аграрны каледж, СВК “Ляхавіцкі” і “Жарабковічы” – тыя сельгаспрадпрыемствы, дзе комплексна падыходзяць да праблемы.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *