Больш кветак!

Пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў, утрымання іх у належным санітарным стане і азелянення абмяркоўваліся на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, што адбылося напачатку мінулага тыдня. Члены прэзідыума райсавета пад кіраўніцтвам старшыні дэпутацкага корпуса раёна Яўгенія Юрлевіча, а таксама запрошаныя кіраўнікі служб, адказных за чысціню і парадак – райЦГіЭ, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы райвыканкама, лясгаса, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – наведалі шэраг аб’ектаў горада і сельскай мясцовасці. У прыватнасці, пабывалі ў мікрараёне Южакова-Будаўнікоў райцэнтра, дзе зараз рэалізуецца маштабны праект па добраўпарадкаванні, наведалі тэрыторыі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, малочнага завода, дзяржаўнага аграрнага каледжа, а таксама некалькі аб’ектаў аграгарадка Русінавіцкага, у тым ліку пачатковую школу, новую МТФ і мехдвор СВК “Ляхавіцкі”, магазіны. Так што вывады, зробленыя членамі прэзідыума, грунтаваліся на канкрэтных прыкладах: кветак у горадзе хацелася бачыць больш, як і наогул добраўпарадкавання. А, напрыклад, у Русінавіцкай ПШ можна павучыцца, як добраўпарадкаваць тэрыторыю практычна без укладання сродкаў.
Даручэнні па вырашэнні праблемных пытанняў дадзены сельвыканкамам (у тым ліку, па ажыццяўленні кантролю за забеспячэннем індывідуальнымі дома-ўладальнікамі належнага ўтрымання дваровых і прылягаючых тэрыторый, выяўленні ўладальнікаў пустуючых домаўладанняў, утрыманні могілак), сан-станцыі, землеўпарадкавальнай і прыродаахоўнай службам, а таксама ўсім суб’ектам гаспадарання (апошнім – па ўтрыманні ў парадку ўласных, прылягаючых і замацаваных тэрыторый).
КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” рэкамендавана працягнуць работы па добраўпарадкаванні, кветкавым афармленні і санітарнай ачыстцы населеных пунктаў раёна. Пры гэтым да 1 ліпеня забяспечыць на падставе заключаных дагавораў планава-рэгулярную санітарную ачыстку гаражных масіваў, а да 1 верасня завяршыць работы па арганізацыі вывазу бытавых камунальных адходаў з тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных участкаў. Камунальнай службе, акрамя таго, рэкамендавана працягнуць работу па заключэнні дагавораў на вываз бытавых адходаў з насельніцтвам і юрыдычнымі асобамі, утрымліваць мініпалігоны ЦБА у належным санітарным стане, а таксама аператыўна прымаць меры па ліквідацыі несанкцыянаваных сметнікаў.
Слушныя рэкамендацыі, праўда, хочацца заўважыць, што для чысціні і прыгажосці населеных пунктаў (і не толькі) зусім не лішнім будзе і актывізацыя работы адказных служб па папярэджанні ўтварэння гэтых самых несанкцыянаваных звалак. Бо нашы мудрыя продкі даўно заўважылі: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *