У СВК «Шлях новы» маюць намер ліквідаваць леташнія вытворчыя «мінусы» і прымножыць «плюсы»

«Лепш, чым у іншых, але горш, чым хацелі»

Сельгаскааператыў “Шлях новы” вырас да буйнейшай гаспадаркі ў раёне (8488 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 5390 – ворыва), стаў самай шматлікай (на тэрыторыі пражывае больш як 3500 чалавек, з якіх 476 працуюць у СВК). На працягу апошніх 6 гадоў ён прыняў пад сваё крыло 2 суседнія гаспадаркі і такім чынам не толькі не даў прыйсці ў заняпад 10 навакольным вёскам, забяспечыў іх жыхароў работай, а і павялічыў свае шанцы дзейнічаць больш маштабна. Тут найбольшае ў раёне пагалоўе малочнага статка – 2749 кароў. 29,3 працэнта малака, паступіўшага на перапрацоўку, – “новашляхаўскае”. На палях працуе 74 трактары (у тым ліку 3 ДжонДзіры), кормаўборачныя агрэгаты, 28 грузавікоў. Усе машыны і механізмы новыя, надзейныя, лепшых айчынных і замежных вытворцаў.

Узбуйненне гаспадаркі патрабавала, ды і яшчэ патрабуе значных затрат. Дапамагаюць перадавыя метады гаспадарання, настрой працаўнікоў. Канешне, вынікі аб’яднання аказалі пэўны ўплыў на эканамічны стан: не ўсё яшчэ ўсталявана так, як хацелася б. Але, у асноўным, як лічаць самі члены сельгаскааператыва, “крыху расслабіліся” і недавыканалі, недаатрымалі…

Зразумела, усё адносна: для большасці гаспадарак набыткі “Шляху новага” здаліся б дасягненнямі, а тутэйшыя спецыялісты настойліва шукаюць прабелы ў вытворчасці, каб не дапусціць іх у будучыні.

Недабрала грошай самая прыбытковая жывёлагадоўчая галіна. Старшыня гаспадаркі Аляксандр Вашчук у справаздачы прааналізаваў, здаецца, кожны крок. Надаілі 14493 тоны малака – на 2 працэнты менш, чым у годзе папярэднім, на адну карову – 5305 кілаграмаў, таксама недабралі. Амаль 7 працэнтаў малака залічана другім гатункам, таварнасць прадукцыі склала 87 працэнтаў. Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што толькі па гэтай прычыне недаатрымана 38 мільёнаў рублёў. Нізкі выхад цялят: на 100 кароў – 70,7. Агульныя страты ў жывёлагадоўчай галіне – 6,5 мільярда рублёў.

– Не павінна быць такога, – заклапочана гаварыў галоўны ветурач гаспадаркі Міхаіл Міхальчык. – Мы стварылі групу ветспецыялістаў, якая будзе займацца прафілактычнай работай, кантраляваць выхад цялят, бо гэта не толькі павелічэнне пагалоўя, а і малако…

Галоўнага ветурача падтрымалі ўсе прысутныя, асабліва тыя, хто непасрэдна заняты ў гэтай галіне сельгасвытворчасці. А людзі тут працуюць адказныя, прафесіяналы, імёны многіх вядомыя ў раёне.

Летась закончылася рэканструкцыя Вялікалотаўскай малочнатаварнай фермы. СВК “Шлях новы” – адзіная гаспадарка ў раёне, якая выканала даручэнне Прэзідэнта па рэканструкцыі МТФ, сёння статак утрымліваецца ў абноўленым памяшканні па новых тэхналогіях. Наогул, у апошнія гады жывёлагадоўчая галіна пераўтвараецца: рэканструявана ферма ў Патапавічах, у планах абнаўленне памяшканняў МТФ і арганізацыя работы па новых тэхналогіях у вёсках Ураджайная і Гарбачы. Нарэшце пабудуецца комплекс у Сакунах, і, як адзначаюць жывёлаводы, вельмі хочацца хутчэй туды перасяліцца.

Як і кожны год, на перыяд стойлавага ўтрымання жывёлы падрыхтавана добрая кармавая база: 29 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, у якасці бялку закуплены сланечнікавы шрот, рацыёны збалансаваныя. Плануюць павялічыць пасевы люцэрны, канюшыны, аднагадовых траў, якія забяспечаць статку зялёны корм.

Недабралі прадукцыі, а значыць і выручкі ў галіне раслінаводства. Хоць, дарэчы, па поўнай праграме зроблена запраўка глебы арганічнымі і мінеральнымі удабрэннямі, на ўзроўні культура земляробства, выкананы ўсе агратэхнічныя мерапрыемствы. Убіралі збожжа 11 экіпажаў, якія працавалі самааддана. Героямі жніва сталі Аляксандр Дзядовіч і Аляксей Станчык, Васілій Шадура і Аляксандр Камінскі, Генадзій Місько і Яўгеній Патапчык, а сярод вадзіцеляў – Юрый Малевіч, Уладзімір Пабягайла, Аляксандр Прыхач і многія іншыя. Намалацілі 10500 тон зерня (з кожнага гектара – 47,2 цэнтнера, хаця планавалі 50).

Некаторыя страты прадукцыі атрымаліся з-за ранняй уборкі цукровых буракоў, аднак гэтыя страты перапрацоўшчыкі прадукцыі кампенсавалі. Недаатрымалі запланаваную ўраджайнасць рапсу: замест 30 цэнтнераў з гектара сабралі па 24.

Хаця гаспадарка неда-атрымала прадукцыі на 16,5 мільярда рублёў, прыбытак склаў 10,1 мільярда рублёў, рэнтабельнасць вытворчасці – 14,2 працэнта, сярэдняя зарплата 4,5 мільёна рублёў.

З аднаго боку, паказчыкі дастойныя. Гаспадарка здолела папоўніць магутнымі агрэгатамі і без таго багаты машынна-трактарны парк, закупляе мінеральныя ўдабрэнні, працягвае будавацца, вучыць у ВНУ 3 спецыялістаў, аказвае, каму трэба, матэрыяльную дапамогу, у тым ліку падрастаючаму пакаленню: вучням мясцовай школы выплачвае заахвочвальныя стыпендыі за выдатную вучобу…

Разам з тым, думкі ўсіх сканцэнтраваны на недабраных 16,5 мільярда рублёў, за якія можна было б яшчэ больш павялічыць зарплату, набыць тэхніку, абсталяванне…

Старшыня СВК Аляксандр Вашчук спадзяецца, што больш такога не паўторыцца, што работа над мінулагоднімі памылкамі будзе зроблена.

Яго падтрымалі ў сваіх выступленнях галоўны аграном Аляксандр Кульбіцкі, галоўны інжынер Сяргей Новік, галоўны бухгалтар Валянціна Пранчак, галоўны эканаміст Ала Равінская, старшыня прафкама Аляксандр Кур’ян. Апладысменты амаль 400 працаўнікоў СВК былі пацвярджэннем нераўнадушша і адзінства калектыву, яго аптымістычнага настрою на дзень заўтрашні.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *