40 лет назад был организован СПК «Конюхи» в Ляховичском районе

«У сузор’і Авена».

Старшыня СВК “Канюхі” Аляксей Кавальчык.

У асобных выпадках многія з нас схільны да перабольшвання. У падачы нейкіх падзей, характарыс-тыцы асоб, у ацэнках і адносінах да каго-небудзь ці чаго-небудзь. Здараецца, што добрае выдаём за выдатнае, звычайнае за ўнікальнасць. Але сёння іменна той выпадак, калі ўжыванне слоў унікум, адмысловасць, арыгінальнасць і падобных ім па стылі не з’яўляецца перабольшваннем. Адпавядае рэчаіснасці ў выпадку, калі размова ідзе пра сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Канюхі”. І ўнікальнасць гэта не местачковая, не абласнога, нават, значэння, а справядлівая ў маштабе ўсёй рэспублікі. І хоць апошнім часам авечкагадоўляй спрабуюць займацца ўсё больш і ўсё іншыя – да узроўню “Канюхоў” ім расці ды вырасці.

Сельгаскааператыў – адзінае ў Беларусі племянное авечкагадоўчае прадпрыемства. На дзень свайго 40-годдзя, якое, для аматараў дакладнасці адзначым, здарылася ўчора, “Канюхі” маюць на ўтрыманні 3500 галоў жывёлы: 60 бараноў, 1600 авечак і так званы рамонтны маладняк у астатку.

А пачыналася ўсё на мяжы далёкіх 1973-74 гадоў. З ідэі, сутнасць якой заключалася ў цэнтралізацыі развіцця раённай авечкагадоўлі ў адных руках, што называецца. Да таго гэтай справай у дробным маштабе займаўся шэраг калгасаў-саўгасаў Ляхавіччыны. Яны і сталі “донарамі”: хто сотню, хто дзве-тры галоў жывёлы паставілі ў распараджэнне новастворанага спецыялізаванага калгаса “Дружба”. Не ўдакладняў, але, магчыма, выбіраючы назву для гаспадаркі, арганізатары ўлічылі і пачатковую сяброўскую дапамогу іншых у яе стварэнні.

Брыгадзір авечкафермы Наталля Гаўрыкава, галоўны заатэхнік Раман Баўтрукевіч.

Піянерам асабліва няпроста, і можна толькі меркаваць, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца першаму складу калектыва і старшыні “Дружбы” Аляксандру Дыдышку. Зараз галоўны заатэхнік СВК Раман Баўтрукевіч хоць і не на ўласным вопыце (прыйшоў на працу “толькі” ў 1983 годзе), але гісторыю ведае. Тлумачыць: “Адразу было прыкладна 2000 галоў. Жывёла ўтрымлівалася ў лагеры, памяшканне было з дошак. Кармы дастаўлялі на трактары. Першую капітальную аўчарню пабудавалі толькі ў 1975 годзе. Крок за крокам будаваліся далей, праз пяць гадоў мелі ўжо 6 памяшканняў. У планах значыўся і завод для вытворчасці кармоў, але не здарылася”.

Зрэшты, асноўнае будаўніцтва і станаўленне калгаса адбывалася ўжо пры старшынстве Барыса Войціка, які ў даволі хуткім часе змяніў на пасадзе Аляксандра Іосіфавіча. Пасля ля штурвала стала да нядаўняга часу адзіная ў раёне жанчына-кіраўнік сельгаспрадпрыемства Рэгіна Лукашэвіч. Даволі доўгія гады, у тым ліку і на “пераломным” часе “Дружбу” ўзначальваў цяперашні старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.

Дзеючы старшыня Аляксей Кавальчык прыйшоў ужо “на” СВК “Канюхі”. Было тое некалькі няпростых гадоў назад. Хоць і не ўсё з задуманага ўдалося рэалізаваць на карысць кааператыва і яго людзей, што асноўнае на любой кіруючай пасадзе, але зроблена нямала. Яшчэ больш у планах – высокіх, безумоўна, але маючых рэальную і, больш таго, блізкую перспектыву. Асабліва з улікам таго, што адмысловая галіна жывёлагадоўлі зараз пад высокай пільнай увагай – у трэндзе, як модна стала гаварыць. Пра тое сведчыць зацверджаная ў сярэдзіне мінулага года рэспубліканская праграма развіцця авечкагадоўлі, у якой “Канюхам” адводзіцца месца аднаго з шасці буйных спецыялізаваных прадпрыемстваў.

Заатэхнік-селекцыянер Іван Сакалоўскі.

Але паслухаем старшыню кааператыва: “Наша асноўная задача – нарошчванне пагалоўя. Працуем над пытаннем і бачым магчымасць расшырыць да канца года статак да 4500 галоў. Без знешніх інвестыцый, адзіна толькі за кошт уласных намаганняў і рэзерваў. Хоць праблема грошай для нас вельмі актуальная. І нам многа запазычылі, і мы. Але працуем, шукаем схемы, каб “развязаць” фінансавыя вузлы”.

Ці не ў прыярытэтным парадку грошы патрэбны на (цытую) “абнаўленне крыві”. З гэтай мэтай “Канюхі” маюць у руках кантракт на закуп авечак асканійскай пароды. Знакамітай, дабавім, не баючыся перабольшвання. Як растлумачылі ў гаспадарцы, размешчаны ў Херсонскай вобласці біясферны запаведнік Асканія-Нова вядомы багаццем і разнастайнасцю флоры і фаўны. Раней асабліва, але і зараз там удзяляюць грунтоўную ўвагу развядзенню авечак. Аднайменная парода жывёл – брэнд для прафесіяналаў, да ліку якіх “Канюхі” і канюхоўцы адносяцца як ніхто іншы. Рэалізацыя кантракта ўпіраецца ў грошы, знайсці якія неабходна максімум да канца чэрвеня.

Сямейная пара і працоўны тандэм Святланы і Аляксандра Калюбкаў

Госці ў “Канюхах” нярэдкасць. Высокія, як адносна нядаўні прыезд у гаспадарку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леаніда Зайца, і далёкіх, як бізнесмена з Аўстрыі. Першы, па словах Аляксея Кавальчыка, даволі пазітыўна ацаніў канюхоўскі статак, адзначыў падыход, якасць утрымання. Але і выказаўся наконт неабходнасці нарошчвання пагалоўя, рэканструкцыі памяшканняў. Аўстрыйскі ж госць у сябе дома займаецца авечкамі (цытую) “па поўнай праграме”. Мае ферму па вырошчванні, перапрацоўчае прадпрыемства, магазіны, спецыялізаваныя на стравах з бараніны рэстараны. Прыязджаў з мэтай абмену вопытам, таксама на прадмет магчымага наладжвання дзелавых стасункаў.

Гаворачы аб планах СВК “Канюхі”, абыдземся без канкрэтыкі і асаблівых падрабязнасцяў. Заўважым толькі, што калі апошнім наканавана спраўдзіцца, праз два гады гэта будзе ўжо іншы сельгаскааператыў. А можа і не СВК, увогуле, а, да прыкладу, племянны завод з той жа тапанімічнай назвай.

Асноўная прафесія ў гаспадарцы – чабан. Наталля Кушнер – адна з іх.

“Вельмі ж аптымістычна ўсё выглядае,” – скажа нехта і … будзе мець рацыю. Складанасцяў у прадпрыемства калі не больш, то і не менш, чым у любога іншага сельгасвытворцы. Але, як мяркую, негатыў любога кшталту – нефармат для святочных нататкаў.

Чым дапоўніць неабходна, дык гэта сцвярджэннем, што “Канюхі” – не толькі мяса і воўна. Таксама і хлеб, і рапс, і лён. Прычым, у вырошчванні апошняга гаспадарка з’яўляецца адным з раённых лідараў.

А завершым тым, з чаго варта было б пачаць і паўтараць праз кожны абзац: галоўнае багацце гаспадаркі – яе людзі. Кожны асабіста і ўсе разам!

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Іван Качан працуе вадзіцелем

Святаслаў Кардаш, Уладзімір Баўтрукевіч, Мікалай Лойка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *