Помні пра вайну, калі хочаш міру

Марнела цемра самай кароткай у годзе ночы. Над Бугам мёртвая цішыня, нават птушак не чуваць на досвітку. А пантоны штурмавых груп нямецкай арміі ўжо на сярэдзіне ракі.
Гэта потым, няхай праз пару мінут, але ўсё ж потым будуць абвальны грукат, крыкі тых, хто памірае, згубленыя надзеі, няспраўджаныя планы. А адразу была такая расслабляльная цішыня, павіслы над светам спакой. Чалавек проста не ў сілах адразу прыняць, асэнсаваць такую перамену, абрыў, з якога пачынаюцца ўсе войны…
Я нарадзіўся і вырас ў невялікай вёсцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Побач — мяжа і рака Заходні Буг. Мой бацька і бабуля часта ўспаміналі гэты самы страшны ў сваім жыцці дзень. У той час у вёсцы дыслакавалася 2-я пагранзастава Брэсцкага пагранатрада. Жыхары прачнуліся ад грукату выбухаў. Бацька, якому было тады 8 гадоў, бачыў, як з-за Буга ляцяць дзесяткі агнёў — трасіруючыя гарматы. Абстрэлу падвергліся не толькі пагранзастава і размешчаныя вакол вёскі доты ўмацаванага раёна, якія будаваліся, але і жылыя дамы. Палова пабудоў гарэла. Людзі мітусіліся па вёсцы з канца ў канец. Маці схапіла сына і пацягнула ў выратавальны склеп, дзе прасядзелі да вечара. Пагранічнікі, апамятаўшыся ад разгубленасці, гераічна адбівалі атакі ворагаў. Але сілы былі няроўнымі…
Немцаў загінула больш. Азвярэлыя фашысты выгналі ўцалелых жыхароў з укрыццяў, пагналі да Буга, наставілі кулямёт. Сярод ахопленых страхам людзей ішла гаворка, што нехта выстралам з агарода забіў камандзіра штурмавой групы, а за аднаго забітага немцы расстрэльваюць сто чалавек. Выручыў людзей свяшчэннік, які ведаў нямецкую мову. Яму ўдалося ўвайсці ў давер да нямецкага афіцэра і пераканаць яго, што страляў не мірны грамадзянін, а ўцалелы салдат-пагранічнік.
…Усё менш сведкаў тых страшных падзей. Аднак кожны з нас павінен не толькі памятаць вайну, але і рабіць усё, што ад яго залежыць, каб захаваць мір.
Міхаіл КАРАЛЬЧУК, в. Крывошын.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *