Весткі з палёў. Футбольных

Адкрыты чэмпіянат горада Баранавічы па футзале працягваецца. У сваю чаргу, “Ляхавіцкі веснік” працягвае сачыць за яго перыпетыямі. Нас, як, спадзяёмся, і нашых чытачоў, цікавяць, у першую чаргу, свае на тым турніры. Таму адразу – “Меліяратар” радуе. Як заснавальнікаў каманды ў асобе Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, так і балельшчыкаў, як малюнкам гульні, так і яе вынікам.

У мінулыя выхадныя чэмпіянат прадоўжыўся стартам заключнага круга фінальнай стадыі. Як і анансавала газета ў адным з нядаўніх выпускаў, у гэтым туры “Меліяратару” супрацьстаяла каманда Баранавіцкага завода станкапрылад. Не будучы сведкай матча, канешне ж, немагчыма сцвярджаць безапеляцыйна, аднак, лік 9:2 на карысць “Меліяратара” наводзіць на думку аб яўнай гульнявой перавазе ляхавічан. Чатыры разы вароты баранавіцкай каманды паражаў Дзмітрый Прыхач, тройчы – Максім Сліва, два галы запісаў сабе на рахунак Аляксандр Касцюк. З улікам апошняй перамогі ў актыве “Меліяратара” стала 19 заліковых балаў, каманда па-ранейшаму захоўвае за сабой турнірнае лідарства.

Чарговы тур адбудзецца ўжо заўтра. Вам даспадобы дынаміка і відовішчнасць футбола ў залах? Калі ласка, у Баранавіцкі спартыўны комплекс “Атлант”. У 16 гадзін каманда Ляхавіцкага ПМС выйдзе на паркет супраць аднаго з аўтсайдараў чэмпіянату.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *