Не дай сабе замерзнуць

У моцныя маразы старайцеся лішні раз не выходзіць з дому. Асабліва гэта датычыцца дзяцей. Калі ўсё ж неабходна, ніколі не выходзьце на холад на галодны страўнік, з’ешце што-небудзь гарачае, выпіце кубак чаю або кавы. Трэба каб арганізм расходаваў на абагрэў энергію ежы, а не сваю ўласную. Твар і рукі пажадана змазаць тлустым крэмам, але ні ў якім выпадку не ўвільгатняльным.

Старайцеся цёпла апранацца. Адзенне павінна быць лёгкім, шчыльным, з натуральнай тканіны, а лепш за ўсё набыць спецыяльнае тэрмаадзенне. Яно цудоўна захоўвае цяпло вашага цела. Абутак павінен быць заўсёды сухім і свабодным, каб не парушаўся кровазварот ступняў ног. Пажадана надзяваць шарсцяныя шкарпэткі, а калі такіх няма, тады можна выкарыстаць дзве пары баваўняных. Вельмі добра дапаможа “дзядулін спосаб” – абкручванне ступняў ног у два-тры слаі сухой газетай. Дзякуючы ёй цяпло ад вашых ног доўга захаваецца.

На марозе старайцеся не стаяць, а пастаянна паціху рухацца, асабліва калі чакаеце на прыпынку грамадскі транспарт. Калі адчуваеце, што холад зусім нясцерпны, а ісці трэба, рухайцеся перабежкамі з прыпынкамі ў магазінах, пад’ездах. Дыхаць на марозе трэба павольна, неглыбока і, пажадана, носам.

Ад моцных маразоў пакутуюць нос, кончыкі вушэй, пальцы рук і ног. Калі вы ўсё ж моцна змерзлі і перасталі іх адчуваць, ні ў якім выпадку не сагравайце іх гарачай вадой і не расцірайце снегам. Гэта можа прывесці да неабарачальных змяненняў (некрозу) у тканках арганізма. Лепш за ўсё ўхутаць абмарожаную частку цела сухім цёплым матэрыялам (ручніком, шарсцяной хусткай і г. д.) і даць ёй сагрэцца. Калі адчувальнасць канечнасцей не вяртаецца, адразу звяртайцеся да ўрача.

Прыйшлі з марозу дамоў? Не піце адразу гарачы чай і не прымайце гарачы душ або ванну. Пры рэзкай змене тэмператур (ад -20 да +20) можа ўзнікнуць значная нагрузка на сардэчна-сасудзістую сістэму з непрадказальнымі наступствамі. Арганізм павінен на працягу 20-30 мінут плаўна адаптавацца да пакаёвай тэмпературы.

Дзмітрый НОВІК,

старшы інжынер

РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *