Музыка, здаецца, гучыць у яе душы

«Высокія ноты».

Настаўнік – прафесія ўніверсальная. Вучыць прыгожа выказваць думкі, даваць ацэнку гістарычным працэсам, шчодра дзяліцца сваімі ведамі. А ёсць настаўнікі, якія навучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак чуламу стаўленню да музычных гукаў і нотнай граматы. Як таленавітага педагога тэарэтычных дысцыплін Святлану Сталярчук ведаюць у Ляхавіцкай школе мастацтваў. Нягледзячы на нядаўнюю змену месца працы (зараз яна галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама), працягвае сумяшчаць работу з мастацтвам і вучыць рабят тэорыі музыкі, развівае іх музычны слых і ўяўленне.

Музыка, здаецца, гучыць у яе душы. Вакальныя даныя Святланы па-за канкурэнцыяй. Нездарма спявае яна з дзяцінства. Пачынала ў школьным хоры, потым ужо прафесійна – у вядомай землякам групе “Пачатак”, сумяшчала з выступленнямі ў “Крыніцы”. Зараз – удзельніца народнай эстраднай студыі “Экспрэс”. Але асаблівае захапленне адчувае ад шматгалосся харавых спеваў. Таму з задавальненнем спявае і ў хоры настаўнікаў, і ў царкоўным. Пра такіх, як Святлана Сталярчук, гавораць: чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Сябруе з раёнкай. Чытачы “ЛВ” часта даведваюцца пра падзеі з жыцця школы мастацтваў з публікацый, падрыхтаваных Святланай Іванаўнай. А сёлета яна стала студэнткай-завочніцай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, у гэтай прывабнай і энергічнай ляхавічанкі два сына. Старэйшаму Максіму сёлета споўніцца 20 гадоў, малодшы Стас вучыцца ў пятым класе. З гармоніяй у душы, з музыкай па жыцці ідзе Святлана. Голас яе гучыць пяшчотна і непаўторна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *