В начале недели итоги своей работы за прошлый год подвели медики центральной районной больницы г.Ляховичи

«Будзь здаровай, медыцына».

На пачатку тыдня вынікі сваёй работы за мінулы год падвялі медыкі цэнтральнай раённай бальніцы. Акрамя супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя раёна ў традыцыйнай на пачатку года нарадзе ўзялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч, яго намеснік па сацыяльных пытаннях Святлана Юрлевіч і начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Святлана КРАПІВІНА.

Размова атрымалася канкрэтная, вострая, месцамі нават жорсткая. Быў прааналізаваны стан спраў у раённай медыцыне ўвогуле і канкрэтна на кожным участку.

Як вядома, кадры вырашаюць калі не ўсё, то многае ў любой галіне дзейнасці, і медыцына не выключэнне. Ва ўстановах аховы здароўя раёна (а гэта цэнтральная раённая і Крывошынская ўчастковая бальніцы, райпаліклініка, 9 урачэбных амбулаторый, 17 фельчарска-акушэрскіх пунктаў) працуюць 66 урачоў, 312 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу. Яшчэ некалькі гадоў назад, як зазначыў галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, істотна адчуваўся дэфіцыт урачоў, а сёння можна весці размову і пра недахоп сярэдняга медперсаналу — фельчараў, медсясцёр.

Па-ранейшаму адсутнічаюць урачы ў Падлескай, Савейкаўскай і Навасёлкаўскай УА. Дастатковай іх колькасцю не можа пахваліцца і горад: не хапае педыятраў, неўролагаў, дэрматавенеролага, акушэр-гінеколага, урача функцыянальнай дыягностыкі. Сітуацыя была б яшчэ больш засмучальнай, калі б не сапраўдная палачка-выручалачка — 14 урачоў і 36 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу пенсіённага ўзросту, якія працягваюць працаваць.

Так, праблема забяспечанасці маладых спецыялістаў жыллём, якую ўзняў галоўны ўрач, важная і патрабуе вырашэння. Але, як справядліва заўважылі і Вячаслаў Сельмановіч, і Святлана Крапівіна, не менш важна замацаваць іх тут. На жаль, пакідаюць установы аховы здароўя і спецыялісты, якія шмат гадоў адпрацавалі ў Ляхавічах і мелі тут уласнае жыллё.

Ёсць і прыемны момант у кадравым пытанні: сёлета ў жніўні чакаецца прыбыццё ў Ляхавічы 11 маладых урачоў (4 тэрапеўтаў, 5 педыятраў, неўролага, анестэзіёлага-рэаніматолага).

Што датычыцца жыллёвай праблемы, то яна таксама вырашаецца: за 2 мінулыя гады дзвюм сем’ям медыкаў дадзены службовыя кватэры, рэканструюецца былы інтэрнат, дзе плануецца арганізаваць 14 службовых кватэр. Дапамогу абяцае раённая ўлада.

Уладзімір Усцюшкоў спыніўся таксама на медыка-дэмаграфічнай характарыстыцы Ляхавіччыны. Колькасць насельніцтва раёна змяншаецца, узровень нараджальнасці застаецца нізкім (хаця зрухі да лепшага за апошнія гады ёсць), а смяротнасць, наадварот, адна з самых высокіх у вобласці (у мінулым годзе колькасць памерлых перавысіла колькасць нованароджаных на 282 чалавекі). У структуры насельніцтва расце колькасць людзей сталага ўзросту. Асноўнымі прычынамі смяротнасці па-ранейшаму застаюцца хваробы сістэмы кровазвароту, старасць, анкалагічныя захворванні.

Святлана Крапівіна адзначыла, што стан здароўя жыхароў раёна, якія перасягнулі 60-гадовы ўзрост, — своеасаблівы індыкатар узроўню медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна:

— Наколькі часта яны звяртаюцца за дапамогай да ўрача, фельчара, можна вызначыць даступнасць медыцыны. Неабходна хаця б раз у паўгода, а пажадана раз у квартал праводзіць агляд тых, каму ў гэтым шаноўным узросце неабходна кансультацыя доктара ці шпіталізацыя.

Узровень даступнасці і якасці меддапамогі ў значнай ступені вызначаецца на этапе амбулаторна-паліклінічнага звяна. Вось чаму, як падкрэсліў Уладзімір Усцюшкоў, пытанні рэфармавання і развіцця першаснай медыцынскай дапамогі з’яўляюцца прыярытэтнымі (на гэта ў мінулым годзе пайшло 38,4 працэнта бюджэтных сродкаў, накіраваных у медыцыну раёна).

Важнае звяно ва ўсім спектры медыцынскіх паслуг – хуткая дапамога. На 1000 чалавек у Ляхавіцкім раёне прыходзіцца за год 344 выклікі (сярэднеабласны паказчык складае 327). Па меркаванні Святланы Крапівінай, гэта недапрацоўка амбулаторнага прыёму і агляду хворых, недастатковае выкарыстанне патэнцыялу работнікаў ФАПаў.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч гаварыў пра неабходнасць стварэння больш камфортных умоў для работы медыкаў “хуткай дапамогі”, пра забеспячэнне іх транспартам, абсталяваннем, медыцынскімі апаратамі і інструментамі, лекамі і ўсімі расходнымі матэрыяламі.

Агучана, што ў раёне значна меншы ў параўнанні з сярэднеабласным паказчык наведванняў урачэбна-паліклінічных устаноў, і толькі 8 працэнтаў — з мэтай прафілактычнага агляду. Святлана Крапівіна засяродзіла ўвагу на аб неабходнасці актывізацыі санітарна-асветніцкай работы з насельніцтвам.

Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Таццяна Маляр прааналізавала стан спраў па захворванням і інваліднасці. Сярод хвароб у ляхавічан лідзіруюць хваробы органаў дыхання, касцёва-мышачнай сістэмы і траўмы.

Упершыню інваліднасць у мінулым годзе прызначана 168 чалавекам. Сярэдне-абласны паказчык перавышаны па хваробах кровазвароту, страўнікава-кішачнага тракту, новаўтварэннях і псіхічных расстройствах. Святлана Крапівіна адзначыла, што ў раёне слаба выяўляюцца анкалагічныя захворванні на ранніх стадыях, адпаведна павялічваецца колькасць выпадкаў запушчаных.

Каб медыцына была здаровай, акрамя чалавечага фактара немалаважны і стан матэрыяльна-тэхнічнай базы. У 2013 годзе завершаны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй паліклінікі (агульная сума праекта 24 мільярды рублёў). Зроблены бягучы рамонт у тэрапеўтычным аддзяленні, капітальны рамонт даху ЦРБ. Усяго за кошт сродкаў мясцовага бюджэту набыта абсталяванне для ўстаноў аховы здароўя на суму звыш 178 мільёнаў рублёў і яшчэ на 163 мільёны рублёў — з рэспубліканскага бюджэту. Аднак, больш за 70 працэнтаў медыцынскага абсталявання маральна і фізічна састарэла, частка яго функцыянуе больш за 25 гадоў. Для замены патрабуюцца грошы. Дапамагчы хаця б часткова вырашыць гэта пытанне за кошт сродкаў раённага бюджэту паабяцаў старшыня райвыканкама.

Начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама засяродзіла ўвагу і на тым, што наяўная медыцынская апаратура не павінна прастойваць.

Сярод асноўных задач на 2014 год Уладзімір Усцюшкоў назваў забяспячэнне даступнай і якаснай медыцынскай дапамогай насельніцтва раёна з выкарыстаннем сучасных метадаў дыягностыкі і лячэння, зніжэнне смяротнасці насельніцтва, у тым ліку асоб працаздольнага ўзросту, рэалізацыю мінімальных дзяржаўных сацыяльных стандартаў, павышэнне эфектыўнасці дыспансерызацыі дзяцей і дарослых і прафілактычнай работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця, паляпшэнне кадравага забеспячэння, асабліва ў сельскай мясцовасці і іншае.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці павышэння якасці медпаслуг. Людзі ў белых халатах павінны бездакорна выконваць сваю высокую і адказную місію.

Гэта ж падкрэсліла і Святлана Крапівіна, якая пажадала калектыву ЦРБ паспяховай работы, а адміністрацыі – здольнасці забяспечыць гэта.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *