Вечар сяброў прайшоў на Ляхавіччыне

Якая ж радасная і светлая сустрэча з роднай школай для выпускнікоў розных гадоў СШ №2!

У першую суботу апошняга зімовага месяца дарослым выпадае цудоўная магчымасць апынуцца ў бязвоблачным свеце школьнага дзяцінства, сустрэцца з былымі аднакласнікамі і любімымі педагогамі.

Вечары сустрэчы з выпускнікамі падобныя на сустрэчу родных: адклаўшы дамашнія справы, ляцяць яны туды, дзе іх вельмі чакаюць – у школу. Тут рыхтуюць сцэнарый, выпускаюць насценгазеты, шукаюць колішнія фотаздымкі. У кожнай установе свае традыцыі і сакрэты гасціннасці.

1 лютага больш за 100 выпускнікоў розных гадоў Востраўскай СШ змаглі паглыбіцца ў атмасферу школьнага жыцця, прыняўшы ўдзел у пераклічцы, успомніць з настаўнікамі на класных гадзінах шчаслівыя гады вучобы. А далей – урачыстае прывітанне галоўных герояў свята – выпускнікоў-юбіляраў розных гадоў.

Выпускнікі Свяціцкай школы сваіх настаўнікаў наведалі дома, уручылі кветкі і выказалі словы шчырай удзячнасці.

Цудоўная атмасфера радасці і хвалявання ад доўгачаканай сустрэчы панавала і ў Крывошынскай СШ. З усіх куткоў Беларусі спяшаліся сюды аднакласнікі, многія з якіх не бачыліся па некалькі дзесяцігоддзяў. Сярод выпускнікоў, якія скончылі школу 35 гадоў назад, людзі розных прафесій: педагогі, урачы, будаўнікі, ляснік… Прычым, 4 выпускніцы тых двух класаў сёння настаўнікі матэматыкі, адна з іх узначальвае педагагічны калектыў.

– Калі сустрэліся, не адразу пазналі адзін аднаго, – расказвае выпускніца і настаўніца мясцовай школы Вольга Дыдышка. – Здаецца, памаладзелі душой на ўсе тры з паловай дзясятка гадоў. Успомнілі тур-злёты, паходы. Мы стаялі ля вытокаў стварэння школьнага музея. А аб’яднаў нас пошукавай справай настаўнік гісторыі, першы кіраўнік музея Леанід Чаранкевіч. Наш 10 “А” з 10 “Б” разлучаліся толькі на ўрокі, а ўсе справы рабілі разам, сумесна, – успамінае гады юнацтва Вольга Аркадзьеўна.

Віншавалі юбіляраў-выпускнікоў у Мядзведзіцкай СШ рабяты са школьнай узорнай студыі “Пунсовыя агеньчыкі” (калектыў, дарэчы, адзначае 15-годдзе дзейнасці).

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы дырэктар Альхоўскай СШ Іван Вялічка перагарнуў 57-гадовую гіс-торыю школы, расказаў пра пасляваенныя будні, пра вялікія класы, пра час, які разам праводзілі вучні, настаўнікі і бацькі пасля ўрокаў.

Ганарыцца сваімі школьнікамі і калектыў Падлескага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Штогод спяшаюцца на доўгачаканую сустрэчу з дзяцінствам мясцовыя выпускнікі.

У СШ № 1 юбілярам-выпуск-нікам заўсёды робяць цудоўны падарунак – загадзя манціруюць фільм пра школьныя гады, а яны, пасталеўшыя, любяць прагуляцца па школьных калідорах, пасядзець за “сваёй” партай.

Гімназісты адзначаюць, як прыгажэе і добраўпарадкуецца іх установа, і яны помняць і цэняць свой другі дом.

У СШ № 2 выпускнік 1970 года прафесар Мікалай Зелянеўскі даслаў прывітальны ліст. На сёлетнюю сустрэчу сабраліся ў школе больш за 230 выпускнікоў не толькі з Беларусі, Расіі, а нават з Амерыкі. Аднакласнікам, якія адзначалі 40-годдзе атрымання атэстатаў, пачаткоўцы ўручылі запрашэнні на сустрэчу праз 5 гадоў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сустрэча 30-гадовага выпуску СШ №2

Сустэча праз 20 гадоў у СШ №2

Праз 40 гадоў у СШ №2

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *